Вікторыя Азаранка прапусціць адкрыты чэмпіянат Аўстраліі па тэнісе
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка, нягледзячы на прыхільнае стаўленне арганізатараў турніру, не выступіць на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе.
Пра гэта перадае БелТА са спасылкай на дырэктара турніру Крэйга Цілі.
Беларуска адмовілася ад выступаў у сувязі з судовым разбіральніцтвам наконт апекі над яе сынам Леа. Гэты ж судовы працэс перашкодзіў Вікторыі выступіць на спаборніцтвах у Оклендзе.
У снежні арганізатары турніру ў Аўстраліі далі Азаранке «ўайлд-кард» (асаблівае запрашэнне спартоўцу, які не прайшоў агульную кваліфікацыю на спаборніцтва спартсмену або камандзе. Звычайна выдаецца арганізатарамі або федэрацыяй на падставе іншых выступленняў, глядацкіх сімпатый ці іншых паказчыкаў — НЧ).
Замест Азаранкі на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі выступіць Айла Тамлянавіч (108-мы нумар у рэйтынгу WTA). Чэмпіянат Аўстраліі пройдзе з 15 па 28 студзеня.