Віталь Рымашэўскі: здароўе беларусаў ўлады абмянялі на даходы ад продажу тытуню і алкаголю

Cустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі пракаментаваў аднаасобнае рашэнне Аляксандра Лукашэнкі адмяніць забароны, уведзеныя шэрагам мясцовых органаў улады, на продаж алкаголю ў начны час, а таксама распараджэнне вылучыць бізнесоўцу Аляксею Алексіну 2400 месцаў для продажу цыгарэт.

1538489500_1534359959_1508306430_1489140401__v2a8301.jpg

«Тысячы кіёскаў, якія рэкламуюць і прадаюць цыгарэты, з'явяцца на вуліцах гарадоў Беларусі. Кампанія, падкантрольная бізнесмэну Аляксею Алексіну, створыць амаль 2400 гандлёвых кропак, у тым ліку каля 500 у Мінску. Мясцовыя выканкамы павінны без аўкцыёну прадаставіць у арэнду інвестару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання гандлёвых аб'ектаў», — адзначыў сустаршыня БХД.
«Беларускія хрысціянскія дэмакраты ўжо праводзілі кампаніі супраць з'яўлення тытунёвых кіёскаў ў гарадах Гродзенскай вобласці. Там кіёскі выстаўляліся проста каля школ, у шматлюдных грамадскіх месцах. Неаднаразова мы накіроўвалі прапановы па дэалкагалізацыі Беларусі. Але, на жаль, улады робяць крок наперад і два назад... А тым часам, нацыя працягвае співацца. Экспертамі СААЗ падлічана, што прыкладна 30% усіх пухлін чалавека і смерцяў ад раку ў развітых краінах звязана з курэннем. Гэта значыць, што ў Беларусі з усіх выпадкаў анкалогіі, кожны трэці звязана з курэннем. Няма сям'і, якую б не закранула праблема анкалогіі. Паміраюць у пакутах нашы блізкія, лекары кажуць аб небяспецы. Але ўладу цікавяць толькі ўласныя даходы (бо аб даходах дзяржавы ў гэтым выпадку казаць не дарэчы - на лячэнне наступстваў алкагалізму і тытунекурэння траціцца ў некалькі разоў больш бюджэтных грошай, чым паступае ад продажу алкаголю і тытуню)», — падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
Ён паабяцаў «працягваць кампанію за здароўе нацыі, супраць алкагалізацыі, супраць прапаганды палення».
Паводле bchd.info