Вользе Маёравай, якую вінавацяць у тэрарызме, замянілі частку артыкула на больш жорсткую
У лісце да сына палітзняволеная Вольга Маёрава напісала, што чакае прысуд па 3-яй частцы артыкула 289 (тэрарызм). Па словах сына, раней яе абвінавачвалі па 2-ой, больш мяккай частцы гэтага артыкула.
«Наконт прысуда я моцна не пераймаюся. З маім ціскам не прынцыпова — 3 гады ці 20. Але пры існуючай традыцыі даваць мінімум пры невінаватасці, канечне, мяркую 8 гадоў (гл. арт. 289, ч.3 КК РБ, ад 8 да 25 гадоў). Далей рабіць прагнозы сэнсу няма. Хаця ёсць шмат дзіўных рэчаў. Таму будзем чакаць, што пакажа жыццё», — напісала Вольга Маёрава сыну ў лісце ад 25 снежня.
Даведачна. Артыкул 289 Крымінальнага кодэкса «Тэрарызм»:
ч. 1. Учыненне выбуху, падпалу або іншых дзеянняў, якія ствараюць небяспеку гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў, прычынення ўрону ў буйным памеры або надыходу іншых цяжкіх наступстваў, у мэтах дэстабілізацыі грамадскага парадку, або запалохвання насельніцтва, або аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў дзяржаўнымі органамі, альбо перашкоды палітычнай ці іншай грамадскай дзейнасці (тэрарызм);
караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў.
ч. 2. Тэрарызм, учынены групай асоб па папярэдняй змове або які пацягнуў прычыненне ўрону ў асабліва буйным памеры або іншыя цяжкія наступствы, —караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дваццаці гадоў.
ч. 3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі першай або другой гэтага артыкула, спалучаныя з забойствам чалавека або ўчыненыя арганізаванай групай, —караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дваццаці пяці гадоў, або пажыццёвым зняволеннем, або смяротным пакараннем.
У Беларусі вышэйшая мера — смяротнае пакаранне — да жанчын не ўжываецца.
Вольга Маёрава таксама паведаміла ў лісце, што хварэла: два тыдні ў яе скакаў ціск ад 180 да 280, яна была на пасцельным рэжыме. У палітзняволенай не было сіл нават чытаць лісты, але пасля хваробы яна пачала адказваць тым, хто ёй пісаў. Вольга звяртае ўвагу, што не можа быць такога, каб яна камусьці не адказала, не падзякавала за пасылку ці грашовы перавод. Таксама жанчына адзначае, што на святы людзі даслалі ёй шмат усяго, яна вельмі ўсім удзячная.
Палітзняволеная напісала, што суд над ёй будзе праходзіць у Гродне, дзе яна зараз знаходзіцца.
Нагадаем, актывістку Вольгу Маёраву затрымалі 4 студзеня 2021 года ў яе доме ў вёсцы Нача Крупскага раёна па так званай «справе Мікалая Аўтуховіча». У доме быў праведзены ператрус, супрацоўнікі КДБ забралі з дома тэхніку.
Пішыце Вользе Маёравай на адрас: 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, турма № 1.