Следства па справе «групы Аўтуховіча» скончылі, абвінавачаныя чакаюць суда
Роўна год таму супрацоўнікі КДБ затрымалі 61-гадовага баранавіцкага актывіста і краязнаўцу, інваліда 2-й групы Уладзімера Гундара. Жонка Уладзімера Гундара Алена паведаміла «Свабодзе» апошнія навіны ад мужа.

Сёння ён разам 12
асобамі праходзіць у так званай «справе Аўтуховіча», усіх фігурантаў якой
вінавацяць у тэрарызме.
З 10 снежня Уладзімір Гундар знаходзіцца ў гродзенскім СІЗА, куды яго этапавалі з Брэсту.
З таго моманту, паводле слоў Алены, былі вялікія праблемы з карэспандэнцыяй. Адзіны ліст ад мужа, напісаны ім яшчэ 11 снежня, Алена атрымала толькі сёння, 30 снежня.
«Тады ён пісаў, што ў 4-мясцовай камеры іх было 3. Разам з ім яшчэ два маладыя мужчыны 27 і 29 гадоў. На здароўе не скардзіцца, адзінае паведаміў, што лекі канчаюцца.
Я сёння павезла, але, натуральна, іх зноў не ўзялі. Сказалі: “Мы яму даем, у нас усё ёсць”, і што нібыта няма ад яго заявы. Я кажу: “Ну як няма. Ён жа сам у лісце пісаў пра таблеткі”. А так астатнія перадачы прымалі».
Уладзімір Гундар — інвалід 2-й групы, некалькі гадоў таму перанёс складаную аперацыю. Яму ампутавалі нагу, акрамя таго, ён мае гіпертанію і судзіннае захворванне. Актывіст ужо шмат гадоў носіць пратэз, але той падчас затрымання сілавікі прымусілі зняць.

«Адвакаты нават артыкул абвінавачання паведаміць не могуць»
Алена кажа, што пакуль не ведае дату суду над мужам і астатнімі фігурантамі «справы Аўтуховіча». Па яе словах, усе яны зараз знаходзяцца ў Гродна і судзіць іх будуць там.
«Ведаю, скончылі ўжо следства і зараз адвакаты знаёміцца са шматлікімі тамамі. Тое, што ім неабходна, перапісваюць ад рукі, таму што нічога ні сканаваць, ні фатаграфаваць нельга. Адвакат паведаміла, што яны падпісвалі кучу папер аб неразгалошванні, і цяпер наогул нічога ўжо не могуць мне сказаць. Я нават спытала, па якім артыкуле выстаўляюць абвінавачванні, але і гэтага паведаміць нельга. Але артыкулы цяжкія, амаль самыя страшныя, — кажа Алена. — Але ніхто нічога не даведаецца, калі першы суд яго закрылі, то гэты тым больш будзе засакрэчаны. Колькі будзе суд доўжыцца таксама невядома, калі ён будзе цягнуцца так, як у Стакевіча Ціханоўскага і Лосіка, то Божа мой».
Баранавіцкі актывіст і краязнаўца Уладзімір Гундар — адзін з 13 фігурантаў справы, якую КДБ назвала «тэрарыстычнай групоўкай» Мікалая Аўтуховіча.
30 снежня яму выставілі абвінавачанне паводле артыкула 289 Крымінальнага кодэксу «Акт тэрарызму». Пры гэтым 20 траўня суддзя Сяргей Беразюк пакараў яго 3 гадамі зняволення паводле іншага артыкула — 366 КК (Гвалт або пагроза ў адносінах да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадзянскі абавязак).
Пасля затрымання Гундар некалькі месяцаў правёў у СІЗА КДБ. Аднак на пачатку красавіка яго перавялі ў Брэсцкае СІЗА № 7.
Што з іншымі фігурантамі «справы Аўтуховіча»?
Паводле КДБ, па «справе Мікалая Аўтуховіча», апроч яго самога, праходзяць 12 чалавек: у тым ліку святар Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад сілавікоў. Уладзімір Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава, ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі з ім сувязь і, па версіі следства, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў. Прозвішчаў астатніх сяброў «групы» не называлі.

26 кастрычніка беларускія праваабаронцы ў сумеснай заяве прызналі палітвязнямі фігурантаў справы Мікалая Аўтуховіча Ірыну Мельхер, Антона Мельхера, Галіну Дзербыш, Сяргея Разановіча, Любоў Разановіч і Паўла Разановіча.
Усіх фігурантаў справы вінавацяць у падрыхтоўцы тэракту.