Уладзімір Гундар з невялікімі перапынкамі адбыў 30 сутак у карцары
Баранавіцкага краязнаўцу і актывіста Уладзіміра Гундара 20 траўня 2021 года асудзілі на 3 гады калоніі за гвалт ці пагрозу ўжывання гвалту да службовай асобы. Апроч таго, ён — фігурант справы Мікалая Аўтуховіча аб «тэрарызме», суда па якой яшчэ не было. Гундара затрымалі летась 30 снежня. Жонка вязня Алена Гундар распавяла Радыё Рацыя новую інфармацыю пра Уладзіміра.
– Уладзімір з невялікімі перапынкамі адбыў 30 сутак у карцары. Спачатку 10, потым 10 ізноў 10. Ён толькі 20 (жніўня) выйшаў і быў жа тады допыт у КДБ у Берасці. Яго загадалі вывесці з СІЗА ў кайданках, уяўляеце, ён на адной назе, рукі ў яго павінны быць на мыліцах, а яго закавалі ў кайданкі. На допыце ён адмаўляецца сведчыць супраць сябе, нічога не кажа.
– За што ён трэці раз быў у карцары?
– Ён кожны вечар на праверцы павінен казаць, што схільны да экстрэмізму, так званы, прафілактычны ўлік. Яны там сабраліся некалькі чалавек, кіраўнікоў СІЗА, мусіць, з ім размаўляюць і з гэтай размовы робяць высновы, што ён схільны да экстрэмізму. І ён трапляў у карцар, таму што ён адмаўляўся гэта казаць. А начальнік мне казаў, што ён мацюкаецца і абзывае сваіх ахоўнікаў брыдкімі словамі. А я ж ведаю, што Валодзя не мацюкаецца. І мне ў размове ён таксама казаў, што не абзывае і не мацюкаецца. А яшчэ ў іх, відаць, ёсць негалосны загад, што тыя, хто адмаўляецца сведчыць супраць сябе, павінны прайсці праз карцар. Валодзя не адзін такі, ёсць яшчэ некалькі маладых хлопцаў, якія адмаўляюцца казаць на допытах і іх таксама саджаюць у карцар.
– Даведваліся, якія ўмовы ў карцары?
– Амаль што пустое памяшканне, ляжаць нельга, толькі сядзець на маленькім крэсле ці хадзіць. Ні кніг, ні лістоў. Ёсць беларускае радыё. Валодзя казаў, што слухаў яго і свае высновы рабіў з таго, што яны там кажуць. Многа карыснага пачарпнуў з гэтага радыё. А так нічога нельга рабіць – ні чытаць, ні пісаць. Гэта адзіночка і замкнутая прастора. Толькі апошні раз Валодзя казаў, што выпускалі на 1 гадзіну на прагулкі ў дворык і ён гледзячы ў неба ўбачыў буслоў, як яны ляталі над ім. У яго з гэтага нарадзіўся верш, ён зараз пісаць пачаў. Называе „складанкі-нескладанкі”, там сапраўды нескладанкі, там амаль няма рыфмы, але піша. Казаў, што калі сядзеў у карцары, многа такога ў галаве складвалася і ён думаў, як гэта ўсё запомніць, каб выйсці і запісаць.
– Які стан здароўя ў яго?
– Валодзя кажа, што ў яго ўсё добра. Але ж ён не ведае, які ў яго ціск. Таблеткі яму даюць рэгулярна, якія я перадала. Але ціск мерае доктар так, што Валодзя не бачыць, што яна там намервае, а то бывае, што яна не мерае як трэба. Але кажа, што нічога зараз не баліць. Таму што пасля першага карцару ён скінуў 20 кг. Стаў добра есці, я кожны тыдзень прывожу перадачы: гародніну, садавіну, арэхі і салодкае – ён любіць шакалад і каву.
– А перадаюць яму перадачы?
– Перадаюць, бо ўсё фіксуецца на паперах. У лістах ён піша калі атрымаў перадачу і што атрымаў. Піша, што трэба, а чаго дастаткова. Вось калі ён быў у карцары другі раз, яны ўзялі ў мяне перадачу, але мне не сказалі, што ён у карцары. Ён выйшаў і яму перадалі.