Ціханоўскі кажа, што ніхто з фігурантаў ягонай справы не пісаў прашэнне аб памілаванні

У Гомельскім СІЗА-3 у закрытым рэжыме працягваецца разгляд крымінальнай справы блогераў Сяргея Ціханоўскага, Уладзіміра Цыгановіча, Ігара лосіка, аператара Арцёма Сакава, мадэратара сацыяльных сетак Дзмітрыя Папова і палітыка Мікалая Статкевіча.

01_tihanovski2005_23.jpg


Суды ідуць з 24 чэрвеня, кожны тыдзень з аўторка па пятніцу. Адвакаты далі падпіску аб невыдаванні, таму інфармацыі аб тым, на якой стадыі знаходзіцца суд, няма, пішуць naviny.online.

У лісце, копія якога ёсць у БелаПАН, Ціханоўскі выказаў меркаванне, што суд будзе доўжыцца яшчэ «пару месяцаў». Раней Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, пісала ў Facebook, што, на погляд палітыка, суд можа ісці да лістапада. Статкевіч пасяджэнні суду не наведвае: спачатку адмовіўся, потым яго выдалілі.

«Хаджу ў суды. Яны яшчэ пару месяцаў будуць, потым апеляцыя, і месяцы праз тры — у калонію. Зразумела, што мне дадуць нямала», — піша Ціханоўскі.

«У нас ва ўсіх настрой пазітыўны, бодры духам. Колькі нас ні схілялі напісаць на памілаванне — ніхто нават пра гэта не думаў, віны за намі няма ніякай, гэта ж усе разумеюць», — адзначыў у лісце палітвязень.

Раней Юры Васкрасенскі публічна сцвярджаў, што Ігар Лосік уключаны ў першы спіс на памілаванне. Пацвердзіць або абвергнуць інфармацыю пра тое, ці пісаў Лосік прашэнне аб памілаванні, пакуль не ўяўляецца магчымым.

Сяргей Ціханоўскі — вядомы блогер. У траўні 2020 года заявіў пра прэзідэнцкія амбіцыі. 29 траўня міліцыя затрымала яго ў Гародні. Экс-прэтэндэнту на прэзідэнцкую пасаду прад’явілі абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК), дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342), у распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130), пагрозах на адрас старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай (ч.2 арт. 191).

Арцём Сакаў і Дзмітрый Папоў праходзяць па справе па аналагічных артыкулах, Мікалай Статкевіч-па артыкуле 293.

Лосіка і Цыгановіча абвінавачваюць у распальванні сацыяльнай варожасці і арганізацыі масавых беспарадкаў.

Абвінавачаным пагражае да 12 і да 15 гадоў пазбаўлення волі.