Затрыманы былы кіраўнік «Аховы птушак Бацькаўшчыны»

У апошні дзень лета ў офісе арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» прайшоў ператрус. Інфармацыі пра гэта было зусім няшмат.

fenchuk01.jpg


На сваёй старонцы ў Фэйсбуку «Ахова» напісала: «Калі ласка, не хвалюйцеся! Прадстаўнікі міліцыі забралі толькі копіі некаторых дакументаў, з чым звязаны іх візіт, нам пакуль самім невядома».

Толькі позна ўвечары ў гэтай самай нататцы дадалася рэпліка аб затрыманні аднаго з супрацоўнікаў грамадскай арганізацыі. «Салідарнасці» стала вядома з некалькіх крыніц, што ідзе гаворка пра каардынатара праграм Белавежскай пушчы Віктара Фенчука.

Раней ён узначальваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны». Віктар родам з Брэста, прафесійны арнітолаг. У 2014 годзе пераехаў з Мінска ў вёску Камянюкі Камянецкага раёна, на ўскраіне Белавежскай пушчы. Адзін з галоўных праектаў Віктара — вывучэнне арэала жыццядзейнасці ваўкоў.

8 лістапада 2020 года Фенчука затрымлівалі на адным з маршаў у Мінску, ён быў асуджаны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

«Для мяне ўсё пачалося на стэле, калі я разгарнуў сцяг і ўключыў “рэжым Ніны Багінскай”, як потым сказаў адзін мой таварыш. Сцяг у руках накладвае свой адбітак і ты перастаеш баяцца і ўцякаць. Ланцуг ввшнікаў праглынуў мяне вельмі хутка. І я ўбачыў шырока расплюшчаныя вочы маладога хлопца, які схапіў мяне за руку і ў вачах якога была пякельная сумесь адрэналіну і страху. “Я не супраціўляюся. Ты толькі дыхай!” — цяпер гэта здаецца мне дзіўным, але менавіта так я разы тры яму сказаў, пакуль ён вёў мяне, няўмела спрабуючы заламаць мне руку, да свайго камандзіра, у якога на шлем ззаду была налепка “псіх”», — пісаў пасля арышту Фянчук.

Пакуль невядома, затрыманне адбылося па адміністрацыйным або крымінальным артыкуле. Сама «Ахова птушак Бацькаўшчыны» напісала наступнае: «Спадзяемся, хутка ён будзе на волі і вернецца да аховы дзікай прыроды».