Вось столькі чалавек перапісаліся анлайн за першы дзень

4 кастрычніка ў Беларусі стартаваў перапіс насельніцтва. Упершыню прыняць у ім удзел можна па інтэрнэце. За першыя суткі гэтай магчымасцю скарысталіся 162 тысячы 77 чалавек.

vitbichi.by

vitbichi.by


Як прайшоў першы дзень?

Адразу пасля паўночы мы зайшлі на сайт, зарэгістраваліся і без праблем перапісаліся анлайн. Пасля 9 раніцы гэта атрымалася далёка не ва ўсіх: абодва сайты — census.by і перепись.бел — перыядычна пераставалі загружацца.
Як патлумачыла прэс-сакратар Белстата Таццяна Лапкоўская, гэта было звязана з падвышанай цікавасцю з боку насельніцтва. На працягу дня спецыялісты працавалі над рашэннем праблемы. Пазней на афіцыйным сайце Белстата з'явілася паведамленне: «Белстат прыносіць прабачэнні за тэхнічныя збоі ў працы інтэрнэт-сайта перапісу census.by, звязаныя з яго перагрузкай з-за вялікай колькасці жадаючых прайсці перапіс анлайн».
Інтэрнэт-перапіс будзе доўжыцца да 18 кастрычніка ўключна. Пасля гэтага абодва сайты будуць зачыненыя. На два дні — 19 і 20 кастрычніка — Белстат возьме паўзу, каб адсартаваць тыя адрасы, па якіх людзі перапісаліся альбо анлайн, альбо праз стацыянарныя і мабільныя ўчасткі, якія працуюць паралельна з інтэрнэт-перапісам. З 21 кастрычніка па хатах і кватэрах пачнуць хадзіць перапісчыкі.

Пра што пытаюць?

Рэспандэнтам прапануюць адказаць на 49 пытанняў, у тым ліку аб адукацыі, жыллёвых умовах, крыніцах сродкаў да існавання, занятасці, колькасці дзяцей, роднай мове, намеры (або яго адсутнасці) з'ехаць з краіны. 
Дарэчы, пра тое, колькі дзяцей плануе завесці сям'я, пытаюцца толькі жанчын. У Белстаце адказваюць: гэта зроблена па рэкамендацыях ААН.
— Вядома, пытанне аб дзецях пара абмяркоўвае сумесна, але нараджаць жанчыне. Таму па рэкамендацыях ААН на яго адказваюць менавіта жанчыны, — патлумачыла Таццяна Лапкоўская.
У сярэднім на запаўненне анкетных лістоў у рэжыме анлайн сыходзіць 10-15 хвілін. Сайт дае на гэтую працэдуру адну гадзіну.
tut.by