Восьмыя суткі ў Віцебску галадае прадпрымальнік. Чыноўнікі не рэагуюць

У Віцебску восьмыя суткі галадае прадпрымальнік Анар Іваноў. 

На трэці дзень Анару Іванову стала кепска, але ён адмовіўся ад шпіталізацыі

На трэці дзень Анару Іванову стала кепска, але ён адмовіўся ад шпіталізацыі


За два тыдні ён пісьмова паведаміў у Віцебскі гарвыканкам, што 19 траўня пачне галадоўку. На ўваходзе ў цырульню «Ирис», што на Маскоўскім праспекце, 66, прымацаваў паведамленне аб галадоўцы і змясціў свае патрабаванні да кіраўніцтва Віцебску: пацвердзіць яго права ўласнасці на памяшканне і ўсталяваць новыя вокны, піша belsat.eu.
«Зімой, калі быў моцны вецер, вялікае шкло вывалілася з рамы і цудам не парэзала аднаго з кліентаў. Я вельмі спалохаўся. Вокны вельмі старыя, ім 44 гады. За гэты час шкло стала крохкім і ў некалькіх месцах патрэскалася. Пасля здарэння я некалькі разоў звяртаўся ў Віцебскі гарвыканкам, каб замянілі небяспечныя вокны. Апошнім разам у красавіку быў калектыўны зварот працаўнікоў цырульні. Адказ быў нязменны: рамантуйце самі», – распавёў Анар Іваноў.

Узімку шкло вывалілася і цудам не пакалечыла наведніка салону

Узімку шкло вывалілася і цудам не пакалечыла наведніка салону



Памяшканне і не перадаюць ва ўласнасць, і рамантаваць адмаўляюцца

Анар Іваноў арандуе памяшканне больш за 20 год. За гэты час не раз хацеў яго выкупіць, але кожны раз яму адмаўлялі. Уласнікам з’яўляецца Віцебскі гарвыканкам. Па заканадаўстве, капітальны рамонт павінен рабіць уласнік, а касметычны – арэндатар. Анар у памяшканні сам заўсёды робіць рамонт.
«Уласнік адмаўляецца рабіць капітальны рамонт. Я гатовы быў бы яго зрабіць сам, каб я быў уласнікам. Але, па-першае, я арэндатар, у якога няма ніякіх правоў, ды і грошы на замену вакон няма. І, самае галоўнае, няма гарантыі, што ты ўкладзеш свае сілы і сродкі на рамонт, а пасля гэтага цябе не папросяць вызваліць памяшканне ці зноў без усялякіх прычын зробяць непасільную арэндную плату, як ужо было не раз», – кажа прадпрымальнік.

2_8_1.jpg


Чыноўнікі абыякава ставяцца да людзей

Прадпрымальнік галадае прама ў арандаваным памяшканні, якое месціцца ў цэнтры Віцебску. За восем сутак чыноўнікі з гарвыканкаму Івановым нават не пацікавіліся.

Вокнам у салоне Анара Іванова ўжо 44 гады

Вокнам у салоне Анара Іванова ўжо 44 гады


Прадпрымальнік аплочвае арэнду, камунальныя паслугі, капітальны рамонт, сплачвае падаткі, стварае працоўныя месцы іншым людзям, дае ім заробак, а ні ўвагі, ні павагі з боку чыноўнікаў так і не ўбачыў.
«Сваёй галадоўкай я хачу не толькі для сябе палепшыць умовы працы, а і ўздзейнічаць на заканадаўчыя органы, каб былі змененыя шляхі перадачы арэндаваных памяшканняў ва ўласнасць тым, хто шмат год быў арандатарам», – падкрэсліў Анвар.
На трэція суткі галадоўніку стала кепска, ён быў вымушаны выклікаць хуткую дапамогу. Дактары зафіксавалі павышаны ціск 160/120, прапанавалі шпіталізацыю, але Анвар адмовіўся, прыняў лекі, якія параілі медыкі, і яму стала лягчэй. Зараз адчувае сябе вельмі слабым. Колькі часу яшчэ працягне галадоўку, пакуль не вырашыў.