Возера як эксперымент па выхаванні культуры адпачынку (фота)
Шматлікія грамадскія ініцыятывы па добраўпарадкаванні тэрыторый, скаргі ў ЖКГ і райвыканкамы даўно зрабіліся звыклымі як для чынавенства, так і для насельніцтва. Беларусы прызвычаіліся і з іроніяй ставяцца да паказушных аўралаў па навядзенні парадку, прымеркаваных да якіх-небудзь датаў альбо візітаў чыноўнікаў. Лічаць, што гэта чыноўнікі робяць дзеля сябе, а не для людзей. Таму ўдвая прыемней, што ініцыятыва абсталяваць пляж на возеры каля вёскі Астравок Капыльскага раёна сыходзіла ад мясцовых уладаў.
Цудоўнае лясное возера створана ў русле рэчкі Морач многа гадоў таму назад. Гэтую мясціну як месца адпачынку ўжо даўно аблюбавалі рыбакі, мясцовыя жыхары і нават жыхары сталіцы. Аднак у апошнія гады купальшчыкам патрэбна было прадзірацца праз кусты і чарот, каб паплаваць у вадзе.
— Даручэнне былога старшыні райвыканкама Анатоля Ліневіча абсталяваць пляж работнікі КСУП «Доктаравічы» ўспрынялі з энтузіязмам, — гаворыць дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Шарупіч. — Возера Астравок знаходзіцца непадалёку ад Доктаравіч. Працавалі як для сябе. Яшчэ зімой 2018 года пашырылі тэрыторыю пляжа: высеклі кусты, выдалілі чарот, пачысцілі дно, заказалі ў Капыльскім РБУ кабінкі для пераапранання, альтанкі і прыбіральні. Навазілі гравію на пляж, а зверху насыпалі рачнога пяску, добраўпарадкавалі тэрыторыю для транспарту, абазначылі буйкамі месца купання для дзяцей. Зараз на возеры ёсць мосцік для скокаў у ваду, мангал для прыгатавання ежы. Фактычна, ёсць усё, што патрэбна для культурнага адпачынку.
Сяргей Шарупіч распавёў, што, каб падрыхтаваць месца адпачынку да летняга сезону 2018 года, увесну працавалі кожны дзень 1-2 гадзіны, нягледзячы на пасяўную.
— Зламаўся камбайн, стаіць на рамонце — камбайнер ехаў працаваць на пляж. Нікога не трэба было ўгаворваць, людзей вельмі зацікавіла гэтая ініцыятыва. Шмат часу тут правёў і майстар Максім Сіцкі, прапаноўваў новыя ідэі. Гэта сапраўды была цікавая супольная работа дзеля людзей. У пачатку лета 2019 года на пляжы з’явілася выратавальная станцыя.
Зараз на возеры можна пабачыць людзей у любое надвор’е. Спякотным чэрвеньскім днём карэспандэнт НЧ налічыла каля сотні чалавек, якія бавілі тут свой час. Хтосьці прагульваўся ў лесе, хтосьці купаўся альбо плаваў на лодцы. Людзі прыехалі з Мінска, Слуцка, Салігорска.
Сяргей і Марыя прыехалі з Капыля, нягледзячы на тое, што там ёсць сваё ўпарадкаванае возера з лодкамі і катамаранамі.
— Мне падабаецца, што возера акружана лесам, вабіць прыгожае наваколле. Можна пагуляць па лесе, схавацца ад пякучага сонца, падыхаць свежым паветрам. Вялікі дзякуй тым людзям, якія папрацавалі тут над добраўпарадкаваннем, уклалі свае старанні і душы, — выказваецца Марыя. Яна сумуе, што ў нас яшчэ шмат бескультурных людзей, якія кідаюць смецце абы-дзе, нягледзячы на адмысловыя кантэйнеры.
— Сын купаўся ў возеры і параніў нагу кавалкам шкла. Прыкра, што той, хто кінуў бутэльку ў ваду, нават не задумаўся аб гэткіх наступствах, — кажа жанчына. — Доктаравіцкія працаўнікі пасыпалі рачны пясочак, каб мякка было ступаць басанож, а хтосьці ўвечар можа аправіцца на гэтым пяску. Тое ж самае і з кабінкамі для пераапранання. Ёсць цудоўная прыбіральня, але камусьці больш да спадобы справіць сваю патрэбу менавіта тут.
Карэспандэнт НЧ пабывала на гэтым возеры і падчас жнівеньскай прахалоды. Нягледзячы на няўстойлівае надвор’е, тут бавілі час дарослыя і моладзь. Падлеткі тусаваліся ў альтанцы, а старэйшыя з бадзёрымі воклічамі скакалі з мастка ў халодную ваду. Знешне паводзіны ўсіх адпачываючых выглядалі прыстойнымі.Дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Шарупіч патлумачыў, што непрыстойныя і нават хуліганскія выпадкі адбываюцца больш за ўсё вечарамі і ўначы. Ён вельмі хацеў бы, каб людзі з большым разуменнем аднесліся да падтрымання парадку.
— Ад адпачываючых патрабуецца няшмат: прыбраць за сабой смецце і выкінуць яго ў кантэйнеры, раскладваць вогнішчы не ў лесе, а ў спецыяльна абсталяваным месцы, не выдзіраць буйкі, не разбураць і не спальваць лаўкі. Няўжо гэта патрабуе шмат высілкаў для цывілізаваных людзей? — дзівіцца дырэктар сельгаспрадпрыемства. — На пляжы шмат стандартных інфармацыйных таблічак, але будзем абдумваць і нестандартныя выхаваўчыя метады, каб возера выкарыстоўвалася як сапраўднае месца адпачынку, а не месца для варварства і хуліганства.