Выдаткі на ацяпленне праз моцныя маразы за беларусаў аплацяць камунальнікі

У Міністэрстве ЖКГ абяцаюць, што сумы ў жыроўках за студзень, якія вось-вось павінны разнесці па паштовых скрынях, павялічацца толькі за кошт зацверджанага ўжо росту тарыфаў. А вось наступствы студзеньскіх маразоў беларусам аплачваць не давядзецца. Пра гэта паведамляе БЕЛТА.

Здымак БЕЛТА

Здымак БЕЛТА


Насельніцтва будзе плаціць за студзеньскае ацяпленне па аб'ёмах спажывання ў снежні. Традыцыйна менавіта гэты радок у жыроўках «важыць» больш за ўсё. Ад пачатку года ацяпленне падаражэла на 17%.
Раней, нагадаем, гарадскія ўлады казалі, што сёлета праз моцныя маразы сумы за ацяпленне ў студзені могуць выставіць не цалкам, а даплату ўзяць, да прыкладу, у красавіку, калі тапіць ўжо не будуць.
Аднак у выніку ўлады вырашылі зрабіць па-іншаму.
«Нягледзячы на сур'ёзныя халады, якія былі ў студзені, калі тэмпература паветра апускалася да мінус 28 градусаў, беларусы адчуюць падаражэнне паслуг ацяплення толькі за кошт павелічэння тарыфаў, — запэўнілі ў Міністэрстве ЖКГ. — Рост аб'ёмаў спажытай цеплаэнергіі ЖКГ возьме на сябе і пагасіць за кошт зніжэння выдаткаў на працягу года. У выніку беларусы заплацяць менш, чым маглі б заплаціць».
Паводле «Нашай Нівы»