Выхаванне дня. На вучняў мінскай гімназіі складаюць пратаколы за спевы на перапынках

Караць непаўналетніх паводле закону нельга, таму ўзьдзейнічаюць на бацькоў, паведамляе Радыё Свабода.

Каля мінскай гімназіі № 4 прайшоў сход бацькоў. Яны патрабавалі ад дырэктара Андрэя Гоцмана тлумачэнняў, чаму ў гімназію выклікалі міліцыю, якая палохае дзяцей. 30 кастрычніка

Каля мінскай гімназіі № 4 прайшоў сход бацькоў. Яны патрабавалі ад дырэктара Андрэя Гоцмана тлумачэнняў, чаму ў гімназію выклікалі міліцыю, якая палохае дзяцей. 30 кастрычніка


Радыё Свабода апавядала, як у гімназіі № 4 дзеці спявалі на перапынках песні з рэпертуару Лявона Вольскага, гуртоў «Ляпіс Трубяцкі», Brutto. Пасля чарговага іхняга флэшмобу шматдзетны бацька Андрэй Асіпенка, дзеці якога таксама тут вучацца, прыйшоў у двор гімназіі з плакатам «Дзеці, вы неймаверныя!»
Хтосьці выклікаў міліцыю, Асіпенку затрымалі і пасадзілі на 15 дзён — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
30 кастрычніка 150 бацькоў прыйшлі да гімназіі і запатрабавалі ад дырэктара тлумачэнняў, чаму ў гімназію выклікаюць міліцыю, якая палохае дзяцей.
Пасля затрымання Андрэя Асіпенкі дзеці пачалі выходзіць з чыстымі аркушамі паперы, расказаў Свабодзе бацька аднаго з гімназістаў.
— Дзеці яго падтрымалі — пачалі выходзіць на перапынках з чыстымі аркушамі паперы. А намесніца дырэктара ў выхаваўчай працы Вольга Кулінковіч напісала заяву ў міліцыю, маўляў, унутры гімназіі на перапынку ў прысутнасці настаўнікаў праводзіцца несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, — кажа бацька навучэнца гімназіі.

«Дзецям даюць вымовы. Бацькоў могуць аштрафаваць»


Цяпер на непаўналетніх дзяцей заводзяць адміністрацыйныя справы паводле артыкулу 23.34 КаАП. Спачатку бацькоў разам з дзецьмі выклікаюць на «раду прафілактыкі» ў гімназію, а потым у камісію ў справах непаўналетніх.
Бацька гімназіста расказаў, што яго і бацькоў яшчэ 9 школьнікаў ужо выклікалі спачатку на паседжаньне прафілактычнай рады, а потым — у міліцыю.
— Дзецям выносяць вымовы. І на ўсіх непаўналетніх дзяцей у міліцыі ёсць заявы паводле артыкулу 23.34. Дзеці непаўналетнія, міліцыя не можа іх прыцягнуць да адказнасці, таму пратаколы афармляюць на бацькоў — нібыта за неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў. На нас такі пратакол аформілі, і мы ўжо давалі паказанні падпалкоўніку міліцыі. У маім пратаколе пазначана, хто напісаў заяву, — Вольга Кулінковіч, завуч у выхаваўчай працы, — сцвярджае бацька.
Сям’я ўжо знайшла адваката, збірае характарыстыкі на сына. Цяпер камісія ў справах непаўналетніх будзе прымаць рашэнне, бацькоў могуць аштрафаваць.

«Нашы «сапсаваныя» дзеці ўплываюць на «харошых»


Ён сцвярджае, што дзеці ўсё разумеюць. А на прафілактычнай радзе казалі, што абураюцца іншыя бацькі.
— Прафілактычная рада спасылаецца на нейкіх ананімных бацькоў, якім не падабаецца, што дзеці ў гімназіі спяваюць. Там былі такія дзіўныя фармуляванні: «Дзеці прыходзяць з гімназіі і задаюць нам нязручныя пытанні». Нібыта нашыя «сапсаваныя» дзеці ўплываюць на «харошых», — дадае мужчына.
І ўзгадвае сваё дзяцінства, калі на ўлік у камісію ў справах непаўналетніх ставілі, «калі хтосьці кагосьці парэзаў нажом, клею нанюхаўся ці штосьці скраў».
— А тут ставяць на ўлік за песні пад гітару. Як можна пісаць заяву ў міліцыю на дзяцей, якія спявалі ў гімназіі пад наглядам настаўнікаў? — абураецца бацька гімназіста.
На 24 лістапада ў мінскай гімназіі № 4 прызначаны ўжо другую «раду прафілактыкі», куды запрасілі 17 бацькоў з дзецьмі, а таксама прадстаўнікоў камісіі ў справах непаўналетніх.

«Ёсць закон, ёсць правілы ўнутранага распарадку: для чаго ўрок, для чаго перапынак»


Намесніца дырэктара ў выхаваўчай працы Вольга Кулінковіч адмовілася тлумачыць, чаму на перапынках у гімназіі нельга спяваць. Раздражнёна адказала, што «ўсё пытанні трэба адрасаваць дырэктару гімназіі Андрэю Гоцману». І ўсё ж дадала:
— Ёсць закон, ёсць правілы ўнутранага распарадку: для чаго ўрок, для чаго перапынак. На перапынках нельга дзецям збірацца — вы што, не ведаеце, што цяпер каранавірус? У нас у гімназіі сёлета не было ніводнага канцэрту, ніводнага мерапрыемства.
Я нічога вам тлумачыць не буду, я не абавязана вам тлумачыць! — сказала Вольга Мікалаеўна і спыніла размову.
Дырэктар гімназіі пастаянна заняты, як адказалі ў прымальні.