«Выкінулі сярод ночы ў лесе»
Юрыстка Г.К.расказала Свабодзе пра тое, як яе затрымалі ў Гатава, не растлумачыўшы прычынаў, і выкінулі ў лесе, не склаўшы пратаколу.
Паводле жанчыны, затрыманне адбылося каля 23:00 18 жніўня каля дому ейнай сястры ў Гатава, што пад Мачулішчамі. Яна дапускае, што прычынай магло стаць тое, што, напрыклад, суседзі паскардзіліся ў міліцыю на гучную музыку – але сапраўдных прычынаў ёй не назвалі.
Жанчына кажа, што яе, ейную сястру і мужа сястры затрымалі міліцыянты ў форме, якія не назваліся, надзелі кайданкі, пасадзілі ў міліцэйскую машыну і адвезлі ў нейкі раённы аддзел міліцыі. У які – яна не ведае дакладна, але ў размовах міліцыянтаў чула пра Мачулішчы (у Мачулішчанскім аддзеле міліцыі Свабодзе сказалі, што жанчыны з такім імем у іх не было).
«Мы стаялі не ведаю колькі, папрасіла прысесці, кажуць „не, вы будзеце стаяць“, — расказвае жанчына. — Прысела, з-пад мяне выцягнулі крэсла, я ўпала на падлогу, ударылася… Хапалі так, што ў мяне драпіны і сінякі засталіся».
У аддзяленні, кажа яна, так і не растлумачылі прычынаў затрымання, урэшце адвезлі ў лес і адпусцілі – давялося ісці пешшу па лесе, з сабой нават не было тэлефона. Дамоў яна дайшла толькі а 4-й раніцы.