Выпускнік ЕГУ Арцём Анісімаў: «ЕГУ фармуе еўрапейскую будучыню Беларусі»
1 ліпеня ў Вільні адбыўся найвялікшы выпуск за ўсю гісторыю існавання Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) — дыпломы атрымалі 228 бакалаўраў і 41 магістр ЕГУ.
Урачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў выпускнікам ЕГУ мела месца ў касцёле св. Кацярыны, які быў спраектаваны выбітным архітэктарам Вялікага княства Літоўскага Янам Глаўбіцам. ЕГУ застаецца верным як еўрапейскай традыцыі, так і сваім беларускім караням, менавіта таму месца правядзення цырымоніі сталася вельмі сімвалічным — дакладна тут, у сэрцы старога горада Вільні, знаходзіцца цэнтр беларускага нацыянальнага адраджэння.
Выпускнікоў ЕГУ прыбыў павіншаваць шэраг высокапастаўленых гасцей: віцэ-міністр замежных спраў Літвы Андрус Крывас, Амбасадар Ірландыі ў Літве Дэвід Нунан, консул амбасады Фінляндыі ў Літве Марыя Огрэн, прадстаўніца амбасады Германіі ў Літве сп. Саламея Пранцкене і іншыя прадстаўнікі літоўскіх дзяржаўных структур і замежных дыпламатычных місій у Літве.
З прывітальнай прамовай перад выпускнікамі 2016 года выступілі прэзідэнт ЕГУ акадэмік Анатоль Міхайлаў і в.а. старшыні Кіраўнічай Рады ЕГУ Эн Лонсдэйл. Падчас звароту да самага вялікага выпуску ў гісторыі ЕГУ, выпускнік праграмы «Міжнароднае права» ЕГУ 2009 года і эксперт у галіне касмічнага права Арцём Анісімаў параіў выпускнікам не баяцца выклікаў і заўжды памятаць аб уласнай Альма-матэр.
Па словах А. Анісімава: «Я стаў выпускніком першага віленскага набору бакалаўраў ЕГУ — мы толькі фармавалі падмурак для нашага ўніверсітэта пасля пераезда ў Вільню. Сёння я бачу самы вялікі выпуск універсітэта, гэта самае пераканальнае пацверджанне таго, што ЕГУ на самай справе фармуе еўрапейскую будучыню Беларусі. Не губляйце сувязь з універсітэтам — усе раз мы робім ЕГУ яшчэ лепшым для тых абітурыентаў, якія ўжо ў кастрычніку пачнуць вучобу ў ЕГУ».
Падчас цырымоніі ўжо ў чацвёрты раз былі аб’яўленыя вынікі штогадовага галасавання на атрыманне ўзнагароды «Выбітнаму выпускніку ЕГУ». Уладальнікам узнагароды стаў Ягор Захарко, які скончыў бакалаўрскую праграму «Культурная спадчына і турызм» у 2011 годзе. Ягор быў уганараваны за свой унёсак ў развіццё культурных і музыкальных праектаў у Беларусі. Ягор стаў галоўным ініцыятарам і арганізатарам музычнага фестывалю Mirum Music Festival, які сёлета пройдзе ўжо ў 5-ы раз у мястэчцы Мір. У мінулым годзе фестываль наведала рэкордная колькасць слухачоў — больш за 3000 гасцей з усёй краіны.
Званне лепшай студэнткі выпуску бакалаўрэату атрымала Вікторыя Андруховіч, якая пажадала сваім калегам поспехаў на іх будучым акадэмічным і прафесійным шляху. Пры падтрымцы і фінансаванні ЕГУ Вікторыя здолела выдаць сваю кнігу пра гісторыю дызайну ў Беларусі. Лепшай студэнткай магістратуры была прызнаная Паліна Скурко за яе значныя акадэмічныя дасягненні.
Мінулы навучальны год стаў знамянальным для ўсёй акадэмічнай супольнасці ЕГУ. 9–10 сакавіка 2016 г. ЕГУ адзначыў дзесяцігоддзе свайго знаходжання ў Вільні. Можна смела сцвярджаць, што за гэты час ЕГУ ўмацаваў свае пазіцыі ў якасці адзінага беларускага універсітэта, які прытрымліваецца прынцыпаў акадэмічных свабод і ліберальнай мадэлі адукацыі, і выпусціў новае пакаленне сучасных прафесіяналаў. З моманту заснавання ЕГУ ў 1992 г. у Мінску яго скончылі 2787 выпускнікоў, 1953 г. з якіх навучаліся ў ЕГУ ўжо ў Вільні. ЕГУ ганарыцца сваімі выпускнікамі, большасць з якіх вярнуліся ў Беларусь пасля завяршэння вучобы і паспяхова працуе у сферах, звязаных з атрыманай у ЕГУ адукацыяй.
Сустрэчы выпускнікоў ужо сталі нязменнай добрай традыцыяй ЕГУ і збіраюць вялікую колькасць былых студэнтаў універсітэта як у Мінску, так і ў Вільні. Увечары 1 ліпеня ў Вільні адбылася чарговая сустрэча выпускнікоў ЕГУ, на якой звыш 200 выпускнікоў мінскага і віленскага перыяду існавання ўніверсітэта, а таксама студэнты, якія скончылі універсітэт у гэтым годзе, змаглі сустрэцца са сваімі былымі калегамі і выкладчыкамі, пагутарыць у нефармальнай атмасферы, завязаць новыя і падтрымаць існуючыя прафесійныя кантакты.
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт — прыватны, некамерцыйны ўніверсітэт, заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе. Пасля гвалтоўнага закрыцця беларускімі ўладамі ў 2004 годзе ЕГУ працягнуў сваю працу ў Вільні. З'яўляючыся адзіным беларускім універсітэтам, які функцыянуе ў атмасферы акадэмічных вольнасцяў, ён дазваляе атрымаць адукацыю амаль 1200 студэнтам, пераважна з Беларусі. ЕГУ прапануе магчымасці навучання на бакалаўрскіх, магістарскіх і доктарскіх праграмах, спрыяе прасоўванню навуковай дзейнасці ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук.
Паводле прэс-службы ЕГУ
Фота Kilimas Arts