Wargaming адмовіўся ад беларускай мовы, а Telegram яе ўвёў
У абнаўленні гульні World of Warships, якая належыць Wargaming, прыбралі беларускую лакалізацыю, таму што ёй практычна ніхто не карыстаўся. Пра гэта распавёў карыстальнік @doodkin. Паралельна з гэтым абнавіўся мэсенджар Telegram — у ім увялі нашу родную мову, паведамляе канал «Беларускі Тэлеграм».
Каб пераключыцца на беларускую мову ў Telegram'е, трэба абнавіцца да новай версіі (напрыклад, на Android гэта будзе версія 5.0+) і націснуць на спасылку, пазначаную ў паведамленні. «Калі лакалізацыя будзе карыстацца поспехам, а сам Telegram будзе яшчэ больш папулярны ў Беларусі — беларуская мова з'явіцца ў наладах Telegram», — піша аўтар.
Карыстальнік @doodkin ў Telegram'e распавёў пра тое, што ў World of Warships прыбралі беларускую мову. «Шчыра кажучы, мяне гэта сітуацыя неяк закранула. Таму хачу спытацца, можа хто ведае, як лепей надаць гэтаму пытанню нагалос, каб яно дайшло да кіраўніцтва Wargaming. Калі падтрымка беларускай мовы ў гульні — гэта так фінансава стратна, то можа спадар Кіслы ўзгадае старажытныя традыцыі мецэнацтва і трошкі падтрымае развіццё беларускай культуры, праз падтрымку беларускай у прадукцыі сваёй транснацыянальнай карпарацыі».
Пра тое, што з World of Warships прыбралі беларускую мову, напісала таксама кампанія «RэZэрвацыЯ», якая займаецца лакалізацыяй гульняў на беларускую і ўкраінскую. Яны спасылаюцца на афіцыйную прычыну, указаную ў апісанні абнаўлення: «У сувязі з тым, што занадта малая колькасць гульцоў выбірала беларускую лакалізацыю, а яе падтрыманне ў актуальным стане патрабавала дадатковых рэсурсаў, дадзеная лакалізацыя прыбіраецца з кліента гульні». «Відаць, ня вабяць беларускія сэрцы бяскрайнія марскія прасторы, што тут паробіш», — каментуюць перакладчыкі.
Каментар Wargaming
У каментары KYKY прадстаўнікі кампаніі адказалі, што «па статыстыцы падтрымку беларускае мовы ў World of Warships выкарыстоўвалі толькі 0,2% актыўных карыстальнікаў гульні з Беларусі. Так што рашэнне выключна тэхнічнае. Ніякіх іншых падтэкстаў шукаць не варта». На пытанне, ці варта наўзамен чакаць нейкай падтрымкі беларускай культуры ад Wargaming, кампанія адказваць адмовілася.
kyky.org