Лагатып «культурнай сталіцы» Беларусі зноў стаў рускамоўным
Улады Пінска прадставілі лагатып праекта «Пінск — культурная сталіца 2019». На выяве – герб горада, выява старажытных будынкаў і стылізаваная «птушка-кветка», піша svaboda.org.
Надпісы на лагатыпе выкананыя на расейскай мове. Да таго пяць гадоў запар лагатыпы гарадоў у праекце «Культурная сталіца» былі з надпісамі на беларускай: у 2018 годзе — на лагатыпе Наваполацка, у 2017-м — Бабруйска, у 2016-м — Маладзечна, у 2015-м — Берасця, у 2014-м – Горадні. Расейскамоўным быў лагатып «культурнай сталіцы» 2013 году – Магілёва.
На сайце Пінскага гарвыканкаму паведамляецца, што лагатып быў выбраны на конкурсе, але склад журы не названы. Лагатып работы дызайнера Віктара Сагановіча названы гарвыканкамам «найбольш прымальным і змястоўным».