«З двух бакоў пабеглі людзі і пачалі страляць». Як судзілі музыкаў
Учора, 2 жніўня, на лецішчы пад Мінскам затрымалі 16 чалавек, сярод якіх былі ўдзельнікі беларускага музычнага фэнтэзі-фолк гурта «IRDORATH». Затрыманне адбылося на святкаванні Дня народзінаў вакалісткі гурта Надзеі Калач (Ірдарат).
Сёння прэс-служба МУС паведаміла, што супраць шасцярых затрыманых распачалі крымінальныя справы за ўдзел у жнівеньскіх маршах. Аблава ГУБАЗіКа і САХРа на кампанію была звязана менавіта з гэтым. Тых, хто знаходзіўся на лецішчы, таксама затрымалі. Справы некаторых чалавек па арт. 24.3 КаАП сёння разгледзелі ў судзе Мінскага раёна. Як праходзілі суды, распавяў тэлеграм-канал «Вясна назірае».
Сярод затрыманых учора была 39-гадовая Аляксандра Грахоўская — удзельніца гурта «BY CRY». Яе справу разглядаў суддзя Антон Колабаў. Згодна з пратаколам па арт. 24.3 КаАП, «Аляксандра 2 жніўня каля 20:30 адмовілася адчыняць браму для правядзення следчых дзеянняў, чым аказала непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі».
Аляксандра распавяла, што на лецішчы нават няма паўнавартаснай брамы — толькі зламаная брамка. Паводле яе слоў, яна прыйшла на Дзень народзінаў да сяброўкі. Усе сабраліся і перад пачаткам святкавання пабачылі, як з двух бакоў на іх пабеглі людзі ў вайсковай фоме і пачалі страляць. Аляксандра дадала, што было так шмат стрэлаў, што яна не зразумела, чаму пакуль усе жывыя. 15 чалавек паклалі на зямлю і забралі тэлефоны. Потым жанчынам дазволілі сесці на канапу. Сваю віну Аляксандра адмаўляе, бо нават не разумее, «як можна не адчыніць тое, што і так не зачыненае». Суддзя Колабаў пакараў Аляксандру штрафам у памеры 30 базавых.
Таксама суддзя Колабаў аштрафаваў яшчэ некалькіх затрыманых з кампаніі: Шулякову — на 30 базавых, Юлію Варламаву — на 40 базавых, Вольгу Міхно — на 35 базавых.
Заўтра на выязным пасяджэнні суддзя разгледзіць справы Яўгена Сратэнскага і Міхаіла Аракчаева.
Суддзя Вадзім Казей пачаў сёння разглядаць справы Аляксандра Сінкевіча, Дзмітрыя Шыманскага і Аляксея Палаўчэні (барабаншчыка гурта «IRDORATH»), але зрабіў перапынак да 4 жніўня.
Мужчыны на судзе распавялі, што гатавалі шашлыкі перад тым, як з’явіліся сілавікі. Дом абгароджаны толькі з боку вуліцы, а брама была адчыненая. Да іх пачалі з абодвух бакоў забягаць людзі і сказалі ўсім легчы на зямлю. Сілавікі пры гэтым былі ў камуфляжы і ў масках.
Дзмітрый Шыманскі наогул быў затрыманы выпадкова: ехаў на мапедзе каля 23:00 (ужо больш за гадзіну праходзіў ператрус), убачыў машыну сябра, спыніўся і ў цемры запытаўся, хто корпаецца ў машыне. Невядомы ў яго спытаў, што Дзмітрыю трэба. У гэты ж момант Шыманскі ўбачыў, што пачалі выходзіць нейкія людзі са скрынкамі, абматанымі скотчам. Спыталі ў яго: «Ты сюды прыехаў?» Мужчына адказаў станоўча. Тады яму сказалі: «Класна, дачакаліся цябе», — і забралі яго.
У выніку справы затрыманых будуць разглядацца суддзямі на выязном пасяджэнні заўтра.