З-за абароны аўтамабіля — да крымінальнай адказнасці?
Жудасная навіна з Казахстана пра загінуўшага маладога чэмпіёна Дзяніса Тэна ўскалыхнула інтэрнэт. Яна ж прымусіла мяне пісаць гэты артыкул. На мінулым тыдні ў судзе Слуцкага раёна разглядалася крымінальная справа супраць маладога перспектыўнага дзіцячага доктара.
Абвінавачваўся ён у збіцці жыхара вёскі Ануфрыевічы Слуцкага раёна Аляксандра Радзюкевіча, які вечарам 12 студзеня 2018 года наўмысна пашкодзіў яго аўтамабіль: знішчыў левае і правае люстэрка, а кавалкамі разбітага люстэрка ледзве не пабіў галаву ўладальніка.
З паказанняў у судзе 17 чэрвеня і са зместу судовай справы высветлілася, што малады чалавек, абараняючыся ад такога дурнога нападу позна вечарам 12 студзеня 2018 года ў вёсцы Ануфрыевічы Слуцкага раёна, спрабуючы абараніць сябе і маёмасць, схапіў палку, якая валялася пад нагамі і стукнуў ёю нападніка. Пасля зламыснік Радзюкевіч уцёк, знайшлі яго міліцыянты ўжо дома. На здароўе ён тады не скардзіўся, пры набліжэнні да яго міліцыянтаў спрабаваў адбіцца ад затрымання таксама пры дапамозе палкі.
Доктар С., які знаходзіцца да гэтага часу ў стрэсе і просіць не называць яго сапраўднага імя, сцвярджаў, што паводзіў сябе Радзюкевіч буйна і падчас перавозкі ў міліцэйскім аўтамабілі да месца здарэння біўся аб сценкі аўтамабіля і жалезныя стойкі нагамі і галавой. У нейкі момант супрацоўнікі Слуцкага РАУС нават спалохаліся, што ён паб’е ім аўтамабіль, і адправілі С. за вяроўкай, каб поўнасцю звязаць Радзюкевіча.
Падчас судовага пасяджэння супрацоўнік Слуцкага РАУС Дзяніс Рыбак пацвердзіў, што Радзюкевіч пры затрыманні замахваўся палкай і пааводзіў сябе надта неадэкватна. Давялося ажыццявіць загіб левай рукі і адзець яму наручнікі.
Ці білі міліцыянты Радзюкевіча і ў якім стане са Слуцкага РАУС ён трапіў у бальніцу ў становішчы посталкагольнага псіхозу, доктар С. не ведае. Зламыснік і сам мала што памятаў і мала што гаварыў у судзе. Ранейшай судовай пастановай ад 10 мая 2018 года ён ужо прымушаны сплачваць матэрыяльны і маральны ўрон, нанесены ўладальніку аўтамабіля.
У сваю чаргу, у маі 2018 года Радзюкевіч таксама звярнуўся заявай у міліцыю аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць С. па частцы 1 артыкула 149 — нанясенне менш цяжкіх фізічных пашкоджанняў. Высветлілася, што ў яго яшчэ былі зафіксаваны сінякі і драпіны на твары і галаве, траўма пальца на левай руцэ, якія яму перашкаджалі працаваць.
Пры гэтым ніводная з экспертыз не высветліла дакладна, ад чаго маглі быць гэтыя цялесныя пашкоджанні. Адна з экспертыз, датаваная 19 студзеня 2018 года, устанавіла толькі драпіну на міжфалангавым суставе і сцвярджала, што яна магла ўзнікнуць нават пры падзенні на плоскасць.
Доктар С. у судзе, які адбыўся 17 чэрвеня, прызнаўся, што ён стукнуў Радзюкевіча некалькі разоў.
Яго адвакатка ўзяла курс на прымірэнне бакоў, і ўжо да суда малады доктар кампенсаваў грашыма фізічныя пашкоджанні ў выглядзе сінякоў Радзюкевічу. У сувязі з прымірэннем бакоў крымінальная справа супраць С. была скончана.
Але ён па-ранейшаму знаходзіцца ў стрэсе і не разумее, чаму следчы запісаў, што ён ударыў Радзюкевіча «не менш за 4 разы»:
— Я яго паспеў ударыць толькі адзін раз, а пасля Радзюкевіч збег, — распавёў пасля суда малады чалавек. — Але следчы мне сказаў, што яму трэба, каб было запісана, што «не менш за 2 разы». А пасля ўзнік запіс, што «не менш за 4 разы». Па словах С., на следчым эксперыменце Радзюкевіч быў зусім п’яным, нічога не памятаў, а следчы сам паказваў Радзюкевічу, што і як з ім адбывалася, каб той паўтараў рухі.
Гэтае ж сама пра следчы эксперымент яшчэ падчас суда распавяла яго маці, Алена Анатольеўна. Ёй падалося, што следчы быў зацікаўлены, каб за ўсе сінякі адказваў толькі яе сын.
Чаму ж тады яе сын прымірыўся са зламыснікам, і нават выплаціў яму кампенсацыю ў выглядзе 100 рублёў? Алена Анатольеўна патлумачыла тым, што ў нашай краіне мала выносіцца апраўдальных прысудаў. І калі адвакат прапанавала пайсці на прымірэнне, яны згадзіліся.
— Пасля такога здарэння мне не зразумела, як паводзіць сябе ў наступным выпадку ўладальніку аўтамабіля з нападнікам і як яго затрымліваць, — гаворыць цётка С. Ніна Смірнова. — У цемры ты ж не бачыш, як узброены нападнік. А раптам ён з нажом? Незразумела, чаму такое мяккае стаўленне да алкаголіка з псіхозам? Чаму яму сышлі з рук яго замахі палкай на міліцыянтаў, чаму следчы яго не затрымаў з прычыны з’яўлення ў нецвярозым выглядзе ў грамадскім месцы, а яшчэ і эксперымент з ім праводзіў?
Ад сябе дададзім: зусім інакш сябе паводзілі слуцкія міліцыянты ў справе братоў Барбашынскіх, зусім інакш дзейнічалі іх калегі ў Мінску і ў справе журналіста Зміцера Галко.
Можа, каб не быць пакараным турмой за супраціўленне міліцыянтам, трэба быць рабочым кароўніка, знаходзіцца ў стане алкагольнага псіхозу і абараняцца пры дапамозе палкі?