За каментар пра Караева мінчука асудзілі да чатырох гадоў «хатняй хіміі» і прымусовага лячэння
Падчас судовых спрэчак абвінавачанне асабліва падкрэсліла як абцяжарвальную акалічнасць «палітычныя погляды» Пашкевіча.
У судзе Ленінскага раёна вынеслі прысуд 48-гадоваму Дзмітрыю Пашкевічу. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, а таксама — да прымусовага лячэння: Пашкевіч мае псіхалагічныя асаблівасці.
Справу разгледзела суддзя Марына Запаснік.
Каментар на спартыўным сайце
Дзмітрыя Пашкевіча прызналі вінаватым у тым, што 28 верасня ён размясціў на спартыўным сайце «Трыбуна» каментар, у якім змяшчалася падахвочванне да здзяйснення гвалту над былым міністрам МУС Караевым. У каментары прысутнічалі словы «трэба забіць...». Паведамленне было выяўленае падчас маніторынгу спецыяльным аддзелам на наступны дзень.
Пашкевіча затрымалі 28 студзеня, тады ж з дома была вынятая тэхніка.
«Адчуваў злосць да тых, хто збіваў людзей»
На пасяджэнні падчас допыту пракурорам высветлілі, што паведамленне сапраўды размясціў Дзмітрый. Ён напісаў гэта пад уздзеяннем моцных эмоцый ад гвалту — збіцця грамадзян супрацоўнікамі міліцыі. У той момант не ўсведамляў, што піша: яму «было страшна глядзець на гэта», ён адчуваў злосць да міліцыянтаў — не да ўсіх, а тых, хто збіваў людзей.
Пашкевіч раскайваўся, але ён распавёў: не думаў, што праз паведамленні ў інтэрнэце хто-небудзь возьме палку і пойдзе біць, і не хацеў гвалту над міністрам.
— Але вы б хацелі, каб яго дзейнасць (маецца на ўвазе выкананне службовых абавязкаў міністра ў той момант) скончылася? — запытаў пракурор.
— Я на той момант дрэнна цяміў. Я прынёс прабачэнні.
— Вы хацелі перашкодзіць гэтай дзейнасці?
— Я не хацеў перашкаджаць.
— Вы б хацелі змяніць характар гэтай дзейнасці?
— Я хацеў, каб перасталі біць людзей. Я не магу ўспомніць.
Дзмітрый таксама адмаўляў матыў помсты, але прызнаў віну перад міністрам за тое, што напісаў такі неадэкватны пост.
«Працаваць нідзе не бралі»
Адвакат падкрэсліў псіхалагічны стан абвінавачанага. Дзмітрый цалкам знаходзіцца на ўтрыманні бацькоў: восем год не працуе наогул, бо «нідзе не бралі». Таксама абаронца звярнуў увагу на раскаянні і прынесеныя прабачэнні.
Маці Дзмітрыя Галіна Баляславаўна пацвердзіла дыягназы сына: адзначыла, што праз асаблівасці развіцця ён не хадзіў у дзіцячы садок. З дзяцінства Дзмітрый меў ДЦП, даглядаць яго дапамагала бабуля. «Школу ён закончыў моўчкі: не мог адказваць на занятках», — сказала маці. Дзесяць класаў ён закончыў толькі дзякуючы лекарам. Зараз Дзмітрыю патрэбная шпіталізацыя, каб усталяваць «холтар» праз высокі ціск: ёсць дакументы, якія гэта пацвярджаюць.
Прызнаўся добраахвотна
Сведка Дзяніс Лобан распавёў, што яго аддзелам праводзіўся маніторынг пагроз прадстаўнікам улады. У выніку чаго выявілі каментар абвінавачанага, знайшлі яго IP-адрас і прозвішча. Паколькі камп'ютарам, з якога пакінулі каментар, карысталася ўся сям'я, не адразу высветлілі, хто менавіта пісаў каментар: спачатку быў арыштаваны бацька абвінавачанага, бо Дзмітры сказаў, што не пісаў каментар. Аднак Дзмітры Пашкевіч увёў пароль пошты, які ведаў толькі ён, калі яго даставілі ў СК, дзе і знайшлі пацвярджэнне, што паведамленне адаслана з ноўтбука. Ідэнтыфікацыя абвінавачанага адбылася праз карыстальнікаў форума «Прэсбола». У той жа дзень Дзмітрый прызнаўся і выказаў шкадаванні.
На момант арышту ніхто не ведаў прычыну затрымання. «Мы не хацелі адразу ім гаварыць, каб дакладна зразумець, хто менавіта з сям'і напісаў», — адзначыў Лобан.
Апытанне Караева
Да матэрыялаў справы далучанае апытанне пацярпелага Караева. Ён адзначыў, што расцаніў паведамленне як «пагрозу асабіста яму, міністру МУС». Таксама пацярпелы лічыць, што Пашкевіч «дастаткова загладзіў віну перада ім», калі прынёс публічныя прабачэнні. І хаця матэрыяльных прэтэнзій да абвінавачанага ён не мае, лічыць, што злачынства было здзейсненае.
У справе ёсць таксама лінгвістычная экспертыза: у ёй сказана, што «выказванняў, у якіх негатыўна ацэньваецца сам Караеў, не маецца», але ёсць негатыўныя заклікі да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да Караева. Пры гэтым мяркуецца выбар зброі за «адрасатам падахвочвання».
«Сацыяльная група, якая падвяргаецца ганенням»
У спрэчках абвінавачанне асабліва падкрэсліла як абцяжарвальную акалічнасць «палітычныя погляды» Пашкевіча: яго шматлікія каментары нібыта красамоўна сведчаць пра гэта. Таксама абвінавачанне прасіла суд улічваць тыя абставіны, якія склаліся ў нашай краіне, і лічыць усіх супрацоўнікаў МУС пэўнай сацыяльнай групай, якая падвяргаецца ганенням.
Для Дзмітрыя Пашкевіча абвінаваўца запрасіў папрасіў чатыры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатнюю хімію»). А таксама — прымусовае лячэнне. Менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя Марына Запаснік.