За «нецэнзурную лаянку» больш не будуць штрафаваць?
У кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях прапануюць унесці і іншыя змены.

Фота з суда пасля акцый 25 сакавіка, фота: Еўрарадыё
Артыкул 17.1 Кодэкса Аб адміністрацыйных правапарушэннях “хуліганства” прапануюць змяніць. Гэта вынікае з законапраекта па зменах у кодэкс, які паступіў у Палату прадстаўнікоў на абмеркаванне. Самую распаўсюджаную ў судах пасля палітычных акцый фармулёўку “нецэнзурная лаянка” плануюць выключыць. Пакінуць толькі “зневажальнае прыставанне да грамадзян і іншыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак”.
На думку праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, цяпер нецэнзурную лаянку проста будуць замяняць на “іншыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак”. Пра гэта праваабаронца распавёў у размове з Еўрарадыё.
Валянцін Стэфановіч: “Справа не ў артыкуле, а ў палітычным матыве ўжывання артыкула. У прынцыпе, у другую частку артыкула можа ўпісвацца нецэнзурная лаянка. У нас жа адміністрацыйная адказнасць была не за саму лаянку, а за тое, што гэтая лаянка выражала непавагу да грамадства. Так што, радыкальна гэта нічога не зменіць. Навошта гэта? Падкрэслілі, што судзяць не за лаянку, а за непавагу да грамадства”.
Актывіста і чэмпіёна па “сутках” Паўла Вінаградава 12 разоў судзілі за “нецэнзурную лаянку”. Агулам гэта больш за 120 сутак на Акрэсціна.

“Як аматар абсцэннай лексікі, не лічу, што за гэта варта саджаць за краты. Нягледзячы на гэта, я ні разу не выражаўся нецэнзурна ў прысутнасці, як мінімум, міліцыі”.
У кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях прапануюць унесці і іншыя змены. У асноўным, яны закранаюць кіроўцаў, якіх цяпер прапануюць не пазбаўляць правоў за перавышэнне хуткасці і не штрафаваць за забытае дома пасведчанне.