Суда па пераводзе палітвязня Міхаіла Жамчужнага не будзе, бо «адпалі падставы»

На мінулым тыдні стала вядома, што на заўтра, 24 кастрычніка, быў прызначаны судовы працэс па пераводзе палітвязня Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым зняволення.

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Прадстаўленне ініцыявала адміністрацыя калоніі №9 г. Горкі, дзе зараз утрымліваецца вязень.

23 кастрычніка Праваабарончы цэнтр “Вясна” атрымаў інфармацыю, што суд не адбудзецца, паколькі “адпалі падставы”. Падрабязнасцямі на дадзены момант праваабаронцы не валодаюць.

Варта нагадаць, што 10 кастрычніка была спроба правесці судовы працэс над Міхаілам Жамчужным падчас выязнога пасяджэння ў калоніі №9, аднак палітвязень запатрабаваў забеспячэння права на абарону і ўдзелу ў судзе адваката, з якім у яго заключаная дамова.

Пасля таго, як стала вядома дата суда над Міхаілам Жамчужным, праваабаронцы з ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч і Павел Сапелка звярнуліся ў суд Горацкага раёна з просьбай аб забеспячэнні магчымасці іх прысутнасці ў судовым пасяджэнні. Аналагічныя звароты з патрабаваннем аб правядзенні адкрытага судовага паседжання былі станоўча разгледжаныя судом Барысаўскага раёна падчас папярэдняй спробы перавесці Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым зняволення ў красавіку бягучага года (тады яе ініцыявала адміністрацыя калоніі ў Навасадах, дзе на той момант утрымліваўся палітвязень). Тады суд разглядаў справу ў адкрытым судовым паседжанні, у выніку адміністрацыя адклікала сваё прадстаўленне аб пераводзе вязня ў турму і вытворчасць па справе была спыненая.

 spring96.org