Вязня сумлення Паліенку пасадзілі на 7 сутак у штрафны ізалятар

Змітра Паліенку пасадзіла на сем сутак у ШЫЗА. Пра гэта вязень сумлення напісаў у паштоўцы свайму сябру, актывісту анархісцкага руху Вячаславу Касінераву, які даслаў паштоўку «Свабодзе».

Зміцер Паліенка

Зміцер Паліенка


Сёлета ў жніўні ў лісце сябрам Паліенка распавядаў, што трапіў у штрафны ізалятар на 4 дні ў тым ліку за адмову мыць санвузел. Цяпер Паліенка піша, што яго пакаралі сярод іншага за тое, што не павесіў прасціну «на шканар».
У кастрычніку 2016 году прыхільнік анархісцкага руху Зміцер Паліенка быў асуджаны на 2 гады зняволення з адтэрміноўкай нібыта за напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які адбыўся раней у Мінску. Міліцыянты брутальна спынілі акцыю, некалькі чалавек затрымалі, у тым ліку Паліенку, які нібыта парваў вопратку супрацоўніка міліцыі. Сваёй віны актывіст не прызнаў.
Пасля суду Зміцер Паліенка браў удзел у пікетах салідарнасці ды іншых пратэставых акцыях. Увесну 2017 году актывіста зноў арыштавалі і на пачатку красавіка прысудзілі яму адбываць тэрмін ва ўмовах зняволення. Суд толькі залічыў 5 месяцаў, якія Паліенка ўжо адбыў за кратамі падчас сьледства па справе «Крытычнай масы». Пасля новага суду над Зьмітром Паліенкам беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Сёлета ў жніўні міжнародная праваабарончая арганізацыі Amnesty International прызнала Змітра Паліенку вязнем сумлення і заклікала беларускія ўлады «неадкладна і без умоваў вызваліць Змітра Паліенку, вязня сумлення, які быў зняволены выключна за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў на свабоду слова і мірных сходаў».