За няпоўныя два дні дзецям палітвязня Кірыла Паўлаўца сабралі больш за 15 000 рублёў
Салідарнасць беларусаў у дзеянні.
За няпоўныя два дні дзецям палітвязня Кірыла Паўлаўца сабралі больш за 15 000 рублёў, паведамляе «Наша Ніва».
«Хачу сказаць вялікі дзякуй за дапамогу неабыякавых
беларусаў! — сказала з гэтай нагоды жонка палітвязня Таццяна. — Я б сказала, што гэтая дапамога ў большай меры маральная. Калі ты
думаеш, што застаўся з гэтай несправядлівасцю сам-насам, і выйсця няма ,ты
адчуваеш вар'яцкую падтрымку народа. І бачыш, што нічога не скончылася, і ўсё працягваецца. І зноў з'яўляецца вера і
надзея ў перамогу! Я вам усім вельмі ўдзячная!».
Будаўніка з Мінска Кірыла Паўлаўца затрымалі 4
кастрычніка пасля «Маршу вызвалення палітвязняў». Калі Кірыл быў ужо
дома, яму патэлефанавалі з незнаёмага нумара, папрасілі выйсці на двор і
адагнаць машыну. Там яго і затрымалі людзі ў балаклавах. Кірыла асудзілі па
арт. 23. 34 КААП на 14 сутак арышту, але на волю ён так і не выйшаў. Яму
прад'явілі абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і
падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны
ўдзел у іх).