За свой горад — за бяспечнае асяроддзе
Жыхары брэсцкага мікрараёна Паўднёвы выказваюць асцярогу за жыццё і здароўе дзяцей.
Адпаведны зварот у межах кампаніі «За наш горад» накіраваны ў Адміністрацыю Маскоўскага раёна Брэста.
На тэрыторыі ўстановы адукацыі "Вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад — пачатковая школа №10" знаходзяцца сухія дрэвы (хвоі і бярозы), якія ўяўляюць патэнцыйную небяспеку. Такая сітуацыя ўзнікла пасля добраўпарадкавання гэтай тэрыторыі. Відавочна, што каранёвыя сістэмы дрэў пры правядзенні будаўнічых работ былі пашкоджаныя.
«Мы просім знайсці рацыянальны падыход у бліжэйшай будучыні, пры якім будуць узводзіцца сацыяльныя (школы, садкі, паліклінікі) і жылыя аб'екты, а побач захавана прырода. Узрост соснаў — каля 100 гадоў. Іх страта з'яўляецца незаменнай стратай для прыроднага асяроддзя», — каментуе сітуацыю кіраўнік арганізацыі «За наш горад» Ігар Маслоўскі.
Паводле яго слоў, сухія дрэвы размешчаны на адкрытым месцы, і ў любы момант вецер можа стаць прычынай падзення галін ці ўсяго дрэва.
«Мы просім прыняць неадкладныя меры па ліквідацыі небяспекі, якая пагражае жыццю і здароўю дзяцей і дарослых. Сухія дрэвы неабходна выдаліць», — дадае Маслоўскі.
Паводле прэс-службы кампаніі «За наш горад»