За ўдзел у пратэстах затрыманы Максім Матырка

За ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе затрыманы, верагодна, грамадзянін Расіі Максім Матырка, паведамляюць праваабаронцы. Максім казаў тады, што дзеля сваёй дачкі ён узельнічае ва ўсіх мірных акцыях пратэсту, каб у дзяўчынкі была магчымасць сталець і жыць у новай Беларусі.

listalka_vas_imena_postradavshie_20200902_014.jpg

У праўладных тэлеграм-каналах з’явілася інфармацыя пра затрыманне ў Мінску 44-гадовага Максіма Матыркі. Паведамляецца, што яму інкрымінуецца арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць пра тое, што мужчына нібыта не мае ніякага грамадзянства — толькі пасведчанне на жыхарства ў Беларусі.

Аднак Максім распавядаў сваю гісторыю затрымання праекту «Август 2020» — там ён казаў, што ўжо 16 гадоў жыве ў Беларусі, але сам — грамадзянін Расіі. У Мінску, распавёў Максім, ён гадуе 9-гадовую дачку і дзеля яе ўдзельнічае ва ўсіх мірных акцыях пратэсту, каб у дзяўчынкі была магчымасць сталець і жыць у новай Беларусі.

Першы раз Максіма затрымалі 13 жніўня 2020 каля Нацыянальнай бібліятэкі, відаць, за белую стужачку і збілі ў аўтазаку.

Максім тады распавядаў праваабаронцам пра сваё затрыманне і збіццё: «Заяву ў міліцыю я не пісаў. На каго, "людзей у чорным"? Гэта смешна. Магу пайсці з заявай і не вярнуцца. У бальніцу таксама не звяртаўся. Уколы ў калена раблю сам. Яно ў мяне да гэтага часу як каменнае. Але гэта мяне не спыняе хадзіць з усімі на плошчу па нядзелях. Аднойчы нават выступіў каля свабоднага мікрафону, распавёў, што са мной адбылося, і падзякаваў беларусам за тое, што вы крутая нацыя. На беларусаў зараз глядзіць увесь свет і ганарыцца вамі. І назад шляху ўжо няма».