За ўшанаванне паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы актывістаў аштрафавалі амаль на 3,5 тысячы рублёў
Паводле рашэння суду ўдзельнікі традыцыйнага ўшанавання памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы мусяць заплаціць 3430 рублёў (140 базавых велічыняў) штрафаў, паведамляе Радыё Свабода.

Адміністрацыйныя справы кожнага з актывістаў паасобку разглядаліся ў судзе Свіслацкага раёну больш за месяц.
Штрафы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі атрымалі восем чалавек:
- Віктар Пяцельчыц — 245 рублёў,
- Ігар Банцар, Сяргей Верамеенка, Віктар Сазонаў, Уладзімер Хільмановіч — па 367,5 рубля,
- Ежы Грыгенча — 490 рублёў,
- Юры Глебік, Мікалай Салянік — па 612,5 рубля.
- Віктар Сазонаў і Ўладзімір Хільмановіч — гарадзенскія праваабаронцы. Яны прыехалі на акцыю не як удзельнікі, а як назіральнікі.
Актывісты будуць абскарджваць рашэнне суду.
27 кастрычніка жыхары Гродна і Свіслачы ўшанавалі памяць паўстанцаў Каліноўскага ў горадзе Свіслач і вёсцы Якушоўка Гродзенскай вобласці.
На акцыю сабралася каля 20 чалавек. Яны ўсклалі кветкі і паставілі зьнічы на магіле Віктара Каліноўскага, брата Кастуся Каліноўскага, і мясцовага актывіста Віктара Дзясяціка, які раней апекаваўся пахаваньнямі паўстанцаў.