Суд у Крыме пакінуў пад арыштам капітанаў украінскіх караблёў

Вярхоўны суд Крыму пакінуў у сіле рашэнне аб арышце камандзіра ўкраінскага бранякатэра «Нікопаль» Багдана Небыліцы, паведаміў РБК яго адвакат Эміль Курбядзінаў.

Адзін з затрыманых расійскімі памежнікамі катараў «Бярдзянск»

Адзін з затрыманых расійскімі памежнікамі катараў «Бярдзянск»

Ён таксама распавёў пра намер падаваць скаргу ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. «Мы бачым парушэнне Жэнеўскай канвенцыі. Мой падабаронны трапляе пад гэтую канвенцыю, я абсалютна згодны з тым, што ён з'яўляецца ваеннапалонным, і адсюль мы выбудоўваем лінію абароны», — падкрэсліў Курбядзінаў. Ён таксама выказаў надзею на тое, што ЕСПЧ разгледзіць скаргу ў прыярытэтным парадку.
«Сёння мне ўдалося пагаварыць з Багданам. З маральнага пункту гледжання ён трымаецца вельмі добра. Ён прадставіў у ФСБ заяву аб тым, што хоча пагаварыць з бацькамі», — распавёў адвакат. Паводле яго слоў, Небыліца апошнія тры-чатыры дні адчувае болі ў вобласці сэрца, з адпаведнай скаргай ён звярнуўся ў адміністрацыю СІЗА «Лефортава».
Як перадае «Інтэрфакс», суд таксама адмовіўся адпусціць камандзіра буксіра «Яны Капу» Алега Мельнічука. Агенцтва адзначае, што пры гэтым тэрмін арышту камандзіраў удакладнены з-за тэхнічнай памылкі — ён заканчваецца 24 студзеня, а не 25-га.
Украінскія катэры «Нікопаль» і «Бярдзянск», а таксама буксір «Яны Капу» былі затрыманыя расійскімі памежнікамі ў Керчанскім праліве 25 лістапада. Маракоў, якія на іх знаходзіліся, крымскі суд арыштаваў на два месяцы, іх абвінавацілі ў незаконным перасячэнні расійскай мяжы. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адзначыў, што лёс затрыманых украінскіх маракоў будзе вырашацца пасля заканчэння крымiнальнага разбору.
Пасля інцыдэнту ў Керчанскім праліве ў шэрагу гарадоў свету прайшлі акцыі салідарнасці з украінскімі маракамі. Да расійскай амбасады ў Мінску 26 лістапада актывісты прынеслі папяровыя караблікі. Пазней суд аштрафаваў іх за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Сярод аштрафаваных — і журналістка «Новага Часу», якая асвятляла акцыю.
Паводле РБК