За «вусатага таракана» пракурор просіць год «хатняй хіміі»

Сёння на судовым пасяджэнні дзяржабвінаваўца запрасіў для Вольгі Насыр абмежаванне волі тэрмінам на адзін год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

zavodski_sud_minsk.jpg

У судзе Першамайскага раёна Мінска 22 красавіка пачынаецца разгляд крымінальнай справы, заведзенай на 30-гадовую Вольгу Насыр. Яе абвінавачваюць у публічнай абразе кіраўніка дзяржавы (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядае суддзя Максім Трусевіч. Дзяржабвінаваўца — пракурор Ганна Лапянок.

Да суда жанчына знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе. Раней яна прымала ўдзел у масавым мерапрыемстве 23 студзеня і была затрыманая на трое сутак.

Згодна з матэрыяламі справы, Вольга Насыр у адным з Telegram-каналаў размясціла ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы паведамленні з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі. Гэтая інфармацыя стала даступная неабмежаванаму колу карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт. Сярод іншага, Вольга назвала яго «вусатым тараканам».

Пасля вывучэння матэрыялаў справы ў пракуратуры Першамайскага раёна Мінска прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачання, дастатковасці сабраных доказаў, поўным і аб'ектыўным расследаванні абставінаў злачынства. Пагадзіліся з кваліфікацыяй зробленага па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Вольга разведзеная, мае дзіця 9 гадоў. Раней да крымінальнай адказнасці не прыцягвалася.

Віну прызнае цалкам, у здзейсненым раскайваецца, кажа, што трэба было прытрымаць эмоцыі.

У вольны час пісала ў тэлеграм-чатах. Пасля прачытаных навін не магла стрымаць сябе. У верасні пісала ў суполцы «Мінск 97», затрымалі 22.01.2021 г.

Сёння на судовым пасяджэнні дзяржабвінаваўца запрасіў для Вольгі абмежаванне волі тэрмінам на адзін год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Прысуд будзе абвешчаны ў 9:05 23 красавіка.

Абраза кіраўніка дзяржавы караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.