За выпадковы рэпост — 52 базавых з канфіскацыяй тэлефону
Жыхар Кобрынскага раёну інвалід II групы Алесь Краўчук за выпадковы рэпост аштрафаваны на 52 базавыя велічыні з канфіскацыяй тэлефону. Такі вынік двух судовых працэсаў, што 5 лютага завяршыліся ў судзе Кобрынскага раёну.
Пачалася гэтая гісторыя 13 лістапада мінулага года ў 22.04, калі з тэлефона спадара Алеся ягоная 11-гадовая дачка Настасся выпадкова зрабіла ў чат тэлеграм-канала «Кобрын для жыцця» рэпост закліка да ўшанавання памяці Рамана Бандарэнкі з тэлеграм-канала, які 23 лістапада ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкім.
Праз два дні, 15 лістапада ў 12.27 спадара Алеся затрымалі ў цэнтры Кобрына і завезлі ў мясцовы РАУС, дзе ў інваліда забралі тэлефон, а ўчастковы інспектр міліцыі Уладзімір Брыштэль склаў на мужчыну пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні згодна ч.1 артыкула 23.34.
Амаль праз два месяцы, 13 студзеня, суддзя Таццяна Каберская пакарала інваліда штрафам у 12 базавых велічынь за публічны заклік да правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
Пры абскарджаванні гэтага судовага выраку Алесь Краўчук дазнаўся, што ягоны тэлефон па-ранейшаму арыштаваны ў рамках другой адміністрацыйнай справы – па частцы 2 артыкулу 17.11 КаАП РБ (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая ўключана ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне ці перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі).
Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па другой справе на інваліда 31 снежня 2020 года склаў участковы інспектар міліцыі Анатоль Тарасюк згодна рапарту ад 15 лістапада старэйшага ўпаўнаважанага Кобрынскага РАУС Сяргея Казюка.
Першае пасяджэнне па разгляду гэтай справы адбылося 11 студзеня, а апошняе – 5 лютага, калі суддзя Вадзім Здановіч пакараў Алеся Краўчука штрафам у 40 базавых велічынь з канфіскацыяй ягонага тэлефону.
Адвакатка Наталля Піваварава прасіла суд спыніць справу, апраўдаць Алеся Краўчука і вярнуць яму тэлефон. Сваю просьбу матывавала наступным: доказы, даследаваныя ў судзе, вызначаюць, што Алесь Краўчук не рабіў рэпост; тэлеграм-канал, з якога быў зроблены рэпост, толькі праз 10 дзён пасля гэтага быў уключаны ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, што выключае прыцягненне падабароннага да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 2. арт. 17.11 КААП Рэспублікі Беларусь.
У выніку за выпадковы рэпост суддзі двойчы пакаралі інваліда агулам на 52 базавыя велічыні з канфіскацыяй тэлефона. Спадар Алесь віны сваёй не прызнаў і будзе абскарджваць абодва прысуды.
Трэба зазначыць, што 51-гадовы жыхар вёскі Дзевяткі Кобрынскага раёну Алесь Краўчук стаў інвалідам пасля выбуху 16 жніўня 2016 года на газазаправачнай станцыі ў горадзе Баранавічы. Гэтым выбухам у мужчыны адарвала левую нагу па калена, пацярпелі таксама жонка і сын спадара Алеся. Па факту выбуху 1 лістапада 2017 году была заведзеная крымінальная справа, якая не завершаная да гэтай пары.
10 жніўня мінулага года ў цэнтры Кобрына інвалід разам з 22-гадовым сынам-студэнтам Уладзіславам былі затрыманыя сілавікамі. Пры гэтым мужчына атрымаў траўму левага плечавога суставу, а ягоны пратэз быў пашкоджаны. Усе спробы Алеся Краўчука ўзбудзіць па гэтым факце крымінальную справу нічога не далі. Бацька быў вызвалены ад адміністрацыйнай адказнасці з-за недаказанасці віны, а сына закратавалі на трое сутак і аштрафавалі на 10 базавых велічынь.