За здаровы лад жыцця!

Спартыўны міні-фэст «За здаровы лад жыцця» прайшоў у адным з мікрараёнаў Брэста. Арганізатарамі выступілі некамерцыйная арганізацыя «За свой горад», рэгіянальныя прадстаўніцтва прафсаюзаў РЭП і СПБ.

20170701_162349.jpg


Асноўнымі ўдзельнікамі спаборніцтваў сталі дзеці школьнага ўзросту, паведамляе прэс-служба кампаніі «За наш горад». Некаторыя ўдзельнікі прыйшлі на стадыён разам з бацькамі, якія таксама выступілі ў гульнявых відах спорту. А адзін з арганізатараў міні-фэсту, кіраўнік арганізацыі «За свой горад» Ігар Маслоўскі абараняў вароты футбольнай каманды.
«Год таму нашы арганізацыі і мясцовыя жыхары адрадзілі стадыён у мікрараёне Кавалёва: прывялі ў парадак футбольнае поле, усталявалі пляцоўку для заняткаў варкаўтам. Цяпер мы далучаем дзяцей і дарослых да актыўнага і здаровага ладу жыцця», — каментуе сітуацыю кіраўнік рэгіянальнага аддзялення РЭП Зінаіда Міхнюк.


«Праграма спартыўных мерапрыемстваў была шырокая. Усе, хто прыйшоў прынялі ўдзел у камандных ці індывідуальных спаборніцтвах. У футбол на роўных гулялі ў змешаных камандах і дарослыя і дзеці, дзяўчынкі і хлопчыкі спаборнічалі ў валейболе, падцягванні, адцісканні і іншых відах спаборніцтваў. Мы пастараліся зрабіць усё, каб ні адзін удзельнік не застаўся сумаваць на лаўцы. Наймацнейшыя атрымалі прызы ў сваіх дысцыплінах», — дадае старшыня абласнога аддзялення Свабоднага прафсаюза Беларускага Валянцін Лазарэнкаў.
«Мы выступаем за развіццё масавай фізічнай культуры, за даступнасць заняткаў спортам кожнаму дзіцяці ў залежнасці ад жадання і здольнасцяў, а не толькі ад платных гурткоў і секцый. Мы рады, што пляцоўка запатрабаваная мясцовымі жыхарамі. Дагледжаная і даступная спартыўная пляцоўка — гэта добрая матывацыя для заняткаў спортам. Дзеці на такіх фестывалях вучацца праяўленню, як салідарных дзеянняў, так і асабістых валявых якасцяў. Мы маем намер і далей праводзіць такія спартыўныя сустрэчы», — падводзіць вынікі міні-фэсту лідэр Брэсцкай гарадской арганізацыі сацыял-дэмакратаў і актывістка кампаніі «За наш горад» Ганна Канюс.