Заява Управы Сойму Партыі БНФ
Партыя БНФ з нагоды затрыманняў беларускіх патрыётаў, інспіраваных прарасійскімі сіламі ў кіраўніцтве краіны, прыняла адмысловую заяву.
Партыя БНФ выказвае рашучы пратэст у сувязі з масавымі затрыманьнямі супрацоўнікамі КДБ 21-22 сакавіка 2017 г. грамадзянаў Беларусі, зьвязаных з працаю вайскова-спартовага клюбу «Патрыёт», зарэгістраванага пры Цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі Ленінскага раёну г. Бабруйску, а таксама незарэгістраванай патрыятычнай суполкі «Белы Легіён», якая спыніла сваю актыўную дзейнасьць больш за 10 гадоў таму.
Мы расцэньваем гэтыя затрыманьні як інспіраваную прарасейскімі сіламі ў кіраўніцтве краіны акцыю па нэўтралізацыі сапраўдных патрыётаў Беларусі, найбольш адданых абаронцаў незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці нашай Дзяржавы. Падкрэсьленая антыбеларускасьць гэтай акцыі асабліва яскрава выглядае на фоне лаяльнага стаўленьня цяперашніх уладаў да дзейнасьці прарасейскіх парамілітарных груповак, кшталту «Беларускага казацтва», «Казачага спасу» і д.п., якія па ўсёй Беларусі бесперашкодна праводзяць вайсковую і ідэалягічную падрыхтоўку «салдатаў «рускага сьвету», у тым ліку з непаўнагадовых грамадзянаў нашай краіны.
У сувязі з гэтым, Партыя БНФ патрабуе неадкладнага вызваленьня ўсіх затрыманых 21-22 сакавіка беларускіх патрыётаў і правядзеньня тэрміновага публічнага расьследваньня ў дачыненьні да асобаў, якія спрычыніліся да гэтай ганебнай антыбеларускай акцыі.
Паводле прэс-рэліза