Жанна Нямцова: Заказчыкаў забойства бацькі знойдуць, толькі калі сыдзе Пуцін
Журналістка Жанна Нямцова ў інтэрв'ю Die Zeit заявіла, што цяперашняе расследаванне забойства лідара апазіцыі Барыса Нямцова можна будзе правесці толькі пасля заканчэння кіравання Уладзіміра Пуціна. Па словах дачкі расійскага апазіцыянера, яе бацька стаў чарговай ахвярай «пуцінскай Расіі», чый лідар не валодае «унутраным стрыжнем і харызмай».
Журналістка Жанна Нямцова ў інтэрв'ю Die Zeit заявіла, што ні ў якім разе не лічыць справу аб забойстве свайго бацькі раскрытай, нягледзячы на хуткае затрыманне праваахоўнымі органамі пяці падазраваных.
Паводле яе слоў, ужо на працягу некалькіх месяцаў дзейнічае «сістэматычная блакада», якая закліканая перашкодзіць вышуку тых, хто стаяў за гэтым злачынствам.
Следчы камітэт нават не спрабуе знайсці арганізатараў забойства, запэўнівае Нямцова. «Сапраўднае расследаванне, мабыць, можна будзе правесці толькі пасля заканчэння кіравання Пуціна».
Гэта — далёка не першы выпадак, калі расійская пракуратура не можа знайсці заказчыкаў злачынства, канстатуе дачка Барыса Нямцова. «Для Расіі гэта — амаль норма. Заказчыкі забойстваў Ганны Паліткоўскай, Аляксандра Літвіненкі і Барыса Беразоўскага таксама не былі знойдзеныя. І гэта — толькі некаторыя прыклады з вялікага ліку нераскрытых спраў. Мой бацька — чарговая ахвяра пуцінскай Расіі».
На думку Жанны Нямцовай, у Пуціна «ёсць ўлада, але няма ўнутранага стрыжня і харызмы, што ён і пацвердзіў падчас сваёй штогадовай вялікай прэс-канферэнцыі».
Паводле: иноTV