Жанчыну, якая адмовілася здаваць кватэру памочніцы пракурора, асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі»

У Завадскім раённым судзе Мінска абвясцілі вырак у крымінальнай справе супраць жанчыны, якая адмовілася здаваць кватэру памочніцы пракурора.

Вольга Сінялёва з дзіцём

Вольга Сінялёва з дзіцём


Судовыя слуханні да прысуду праходзілі ў закрытым рэжыме. 33-гадовая Вольга Сінялёва, уладальніца мінскай кватэры, прапанавала вядомай удзелам у палітычных прысудах Аліне Касьянчык з’ехаць. Тая пагадзілася і, калі знайшла новае жыллё, дамову на найманне кватэры скасавалі па згодзе бакоў. Аднак затым супраць Вольгі пачалі крымінальную справу паводле 190-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Парушэнне раўнапраўя грамадзян»), піша Радыё Свабода.

На абвяшчэнне прысуду Аліна Касьянчык не прыйшла.

«Шкада яе вельмі. Яна сваю бессьмяротную душу проста ўтоптвае», — сказала Вольга Сінялёва пра Касьянчык, якая праходзіць на судзе пацярпелай.

Жанчына да суду была пад падпіскай аб нявыездзе. 30 чэрвеня суддзя Анжэла Касьцюкевіч вынесла вырак — 2 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, так званай «хатняй хіміі».

Ужо ў дзень першага пасяджэння высветлілася, што адваката Сінялёвай Андрэя Мачалава пазбавілі ліцэнзіі.

Вольга Сінялёва — маці дваіх дзяцей, знаходзіцца ў водпуску для догляду дзіцяці, мае вышэйшую адукацыю, працуе праграмістам.

Аліна Касьянчык вядомая ўдзелам у працэсах па крымінальных справах супраць пратэстоўцаў. Яна была дзяржабвінаваўцай па справе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якіх за стрым з «плошчы Пераменаў» асудзілі на 2 гады калоніі. Таксама Касьянчык прадстаўляла абвінавачванне па справе аб надпісах «Не забудзем» каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.