Запусціўся сайт праверкі абяцанняў беларускіх чыноўнікаў, палітыкаў і спартоўцаў

Малады беларускі праграміст Павел Савіцкі запусціў сайт promise.by, на якім абяцае адсочваць лёс таго, што абяцалі беларускія публічныя асобы, піша Радыё Свабода.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


«Адна справа, калі людзі проста здагадваюцца, што нейкія абяцанні не выконваюцца, а іншая — калі бачаць, што не выконваецца, — разважае Павел Савіцкі. — Можа, ёсць насамрэч нейкія чыноўнікі, якія больш адказна ставяцца да сваіх абавязкаў і больш выконваюць іх. Але зразумела, што больш гавораць, каб проста „паабяцаць светлую будучыню“».

Савіцкі сумняецца, што такі сайт дапаможа рэгулярна караць чыноўнікаў, якія не выконваюць абяцанні, але, кажа ён:

«хай бачаць: можа, хоць аднаму ці двум стане сорамна, і яны пачнуць думаць перад тым, як абяцаць».

Сярод таго, што адсочвае сайт, абяцанні адкрыць чатыры новыя станцыі мінскага метро ў 2018 годзе (цяпер кажуць, іх адкрыюць не раней за 2020 год) і не падвышаць тарыфы «Белтэлекама» на доступ да інтэрнэту цягам другой паловы 2017 году (гэта атрымалася).

Адсочвацца будуць і абяцанні Аляксандра Лукашэнкі (як то будаўніцтва гатэлю, вядомага ў народзе як «Некемпінскі», і паездка ў вайсковую частку ў Печы), і апазыцыйных палітыкаў (цяпер сайт сочыць за абяцаннем правацэнтрысцкай кааліцыі выставіць 500 кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах), і не звязаныя з палітыкай абяцанні (як намер тэнісісткі Вікторыі Азаранкі выступіць на турніры ў Аўстраліі).

Аўтар сайту кажа, што і апазіцыянеры, і спартоўцы «таксама публічныя персоны, таму павінны думаць пра тое, што гавораць».

Заносіць абяцанні ў базу сайту прапануецца самім карыстальнікам – аўтар праекту кажа, што будзе правяраць праўдзівасць дадзеных звестак, але падкрэслівае, што сайт зроблены проста як хобі.