Затрыманы абаронца Курапатаў рэжысёр Аляксей Туровіч
У Мінску затрыманы абаронца Курапатаў, кінарэжысёр Алексей Туровіч. Пра гэта паведаміў актывіст Леанід Кулакоў, піша svaboda.org.

Паводле яго звестак, Туровіча з раніцы пільнавалі міліцыянты: ад самай раніцы каля пад’езду ягонага дому прыпаркаваўся сіні мікрааўтобус, вядомы многім апазіцыянерам. Пра гэта ён сам праінфармаваў сваіх паплечнікаў па курапацкіх акцыях.

Нягледзячы на сачэнне, Туровіч выклікаў таксоўку, каб ехаць на вахту ў Курапаты. Але як толькі ён сеў у машыну, яе акружылі супрацоўнікі ў цывільным. Туровіч мяркуе, што яго будуць судзіць за пікеты каля рэстарану «Поедем поедим».
Аляксей Туровіч — кінарэжысёр і аўтар сцэнару мастацкага фільму «Жоўты пясочак», які ён зняў паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава. У творы расказваецца пра масавыя расстрэлы «ворагаў народу» у Курапатах у 1930-я гады.