У Курапатах машына ледзь не задавіла Ніну Багінскую
Здарэнне адбылося ўвечары 4 ліпеня ля рэстарацыі «Паедзем паядзім», пра яго «Новаму Часу» паведаміла грамадская актывістка Ганна Шапуцька.

Ніна Багінская на абароне Курапатаў. Фота Уладзя Грыдзіна, Радыё Свабода
«Машына Volkswagen Tiguan з нумарам 9445 СВ-7 прыехала ў рэстарацыю. Мы на прыдваравой тэрыторыі раздаем улёткі пра Курапаты, таму стаялі і чакалі, пакуль яна спыніцца. Але кіроўца не спыніўся, толькі крыху скінуў хуткасць, дакрануўся да спадарыні Ніны і працягваў тараніць яе ў спіну, прагнаў яе перад сабой чатыры — пяць метраў. Добра, што яна ўтрымалася на нагах, а то было б горш, чым з Кулаковым», — распавяла Ганна Шапуцька.
Па яе словах, кіроўца машыны Куніцкі Андрэй Раманавіч пасля здарэння выйшаў з машыны і стаў казаць актывістам, што яны праплачаныя, нічога з сябе не ўяўляюць і жывуць за яго кошт.
Пратэстоўцы выклікалі ДАІ, цяпер Ніна Багінская сядзіць у машыне з супрацоўнікамі інспекцыі. Ганна Шапуцька мяркуе, што, хутчэй за ўсё, на пенсіянерку складуць пратакол, а вось ці будзе пратакол і заява ад спадарыні Ніны на кіроўцу, які на машыне штурхаў яе ў спіну, пакуль невядома.
«Бачна, што гэта чалавек, які мае грошы, але не мае прынцыпаў», — удакладніла актывістка.