Абаронцу Курапатаў Наталлю Гарачку арыштавалі на 10 сутак

Наталля Гарачка асуджаная Партызанскім раённым судом Мінска на 10 сутак арышту, паведамляе Радыё Свабода.

harachka.jpg

«Наталля знаходзіцца ў турме на Акрэсціна, адбывае пакаранне, мы ўжо вазілі ёй перадачу», — паведаміла сяброўка Наталлі Гарачкі, актывістка Галіна Лагацкая. Больш у Лагацкай звестак пра Наталлю няма.
1 ліпеня Наталля Гарачка была затрыманая пад брамай рэстарацыі «Поедем поедим», што знаходзіцца каля Курапатаў. Сведка затрымання паведаміў, што праз 15 хвілін пасля з'яўленьня актывісткі на пікеце да рэстарацыі пад’ехаў міліцэйскі аўтамабіль, з якога выйшлі тры чалавекі, паказалі пасведчанні супрацоўнікаў міліцыі і прапанавалі актывістцы праехаць з імі.
Раніцай таго ж дня ў Мінску былі затрыманыя Павал Севярынец, Вольга Мікалайчык і Дзяніс Урбановіч. Павал Севярынец і Вольга Мікалайчык асуджаныя на 10 сутак арышту.
У судзе Партызанскага раёну Мінску Свабодзе пацвердзілі, што Гарачцы прысудзілі 10 сутак арышту. Суд быў яшчэ 2 ліпеня, у выходны дзень.
З пачатку чэрвеня Наталля Гарачка брала удзел у пікетаванні рэстарацыі каля Курапатаў, часта вяла адтуль стрымы ў «Фэйсбук», міліцыянты склалі на яе каля 10 пратаколаў за парушэнне правілаў дарожнага руху і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.