Жанчына-прэзідэнт — бяда ці шанец?

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка зрабіў гучную заяву, што ў прэзідэнцкім крэсле жанчыне не месца. Маўляў, нядобрая гэта справа нагружаць жанчыну такой цяжкай працай ды змушаць яе ваенныя парады ў спадніцы прымаць. Ці ёсць шанцы ў беларускі стаць не проста першай лэдзі, а першай асобай дзяржавы, ці яе наканаванне варыць боршч?

Трэнд сезону: вары боршч!

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка зрабіў гучную заяву, што ў прэзідэнцкім крэсле жанчыне не месца. Маўляў, нядобрая гэта справа нагружаць жанчыну такой цяжкай працай ды змушаць яе ваенныя парады ў спадніцы прымаць. Ці ёсць шанцы ў беларускі стаць не проста першай лэдзі, а першай асобай дзяржавы, ці яе наканаванне варыць боршч?

Трэнд сезону: вары боршч!
У найноўшай гісторыі незалежнай Беларусі сапраўды быў толькі адзін выпадак, калі жанчына паспрабавала замахнуцца на прэзідэнцкую пасаду. Гэта дачка Пятра Машэрава — Наталля. Філолаг паводле адукацыі, яна вылучала сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года. Ініцыятыўная група Машэравай была зарэгістраваная, але да завяршэння тэрміну збору подпісаў яна адклікала сваю заяву. Кажуць, што на Наталлю Пятроўну націснулі афіцыйныя ўлады.
Жанчыны-прэзідэнта Беларусь пакуль не мела, затое мела нямала жанчын-дэпутатак парламенту і мясцовых саветаў, чыноўніц, кіраўніц Нацыянальнага банка. Ёсць і легенды сучаснасці — кіраўніца Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына, намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, памочнік прэзідэнта Наталля Пяткевіч.
А яшчэ ёсць жанчыны-суддзі, жанчыны-выканаўцы. Фактычна на ўсіх палітычных працэсах “беларуская Феміда працавала менавіта ў жаночым аблічы, рэалізуючы волю мужчын, што знаходзяцца ва ўладзе. А на месцах жанчыны-чыноўніцы шукалі шляхі і метады зноў-такі рэалізацыі чужой палітычнай волі.  “Мне сорамна за мужчын, бо мы бачым прыкрую практыку — хавацца за жаночыя спіны, — кажа старшыня грамадскай арганізацыі “Беларуская жаночая ліга Ніна Стужынская. — Мужчыны больш дальнабачныя і ведаюць, што за гэтыя прысуды рана ці позна давядзецца адказваць, ім такая перспектыва не падабаецца, і на брудныя ролі адпраўляюць жанчын.
Напрыклад, адзін з палітычных эмігрантаў гэтага сезону распавядаў, як у невялікім гарадку, дзе ён жыў і меў свой бізнэс, разам са знаёмай чыноўніцай абмяркоўваў, як яго пакараць за палітычную дзейнасць. Бо загад зверху паступіў, не выканаць яна яго не магла, але і вялікай шкоды свайму знаёмаму рабіць не хацела. Атрымліваецца, што жанчына ў сістэме ўлады (ды і не толькі жанчына) цяпер на правах жаўнера, які мусіць забяспечваць перамогі генералу, загады не абмяркоўваць і сваю прысутнасць без асаблівай патрэбы не праяўляць. “Жанчына мусіць варыць боршч, а не шастаць па плошчах, — вось лозунг цяперашняга часу, сфармуляваны Ярмошынай.
Нам бы такую цётачку!
Летам 2010 года Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) праводзіў даследаванне на тэму гендэрнай спецыфікі электаральных перавагаў. Аналітыкі НІСЭПД таксама прымалі да ўвагі досвед суседніх краін, дзе жанчыны змаглі скарыць палітычны алімп. Але беларуская рэальнасць, паводле сацыёлагаў, зусім іншая. Як паказала апытанне, падтрымка электаратам жанчыны-кандыдата застаецца вельмі нязначнай — усяго 6,6% выбаршчыкаў выказалі гатоўнасць прагаласаваць за жанчыну (за мужчыну — 42,7%, яшчэ 46% заявілі, што пол кандыдата для іх значэння не мае).
Выказванняў на карысць жанчыны-кандыдата было ў тры разы менш, чым супраць яе — 18,2% і 55,6%, адпаведна. Такім чынам, цяперашняе беларускае грамадства пакуль не гатова падтрымаць ідэю наконт жанчыны-прэзідэнта, — рэзюмуюць аналітыкі НІСЭПД.
Ніна Стужынская мяркуе, што прыход жанчыны да ўлады быў бы пазітыўнай з’явай для Беларусі, праўда, умовы для палітычнай дзейнасці цяпер неспрыяльныя, таму адкрытае пытанне, хто захоча быць той смелай і адчайнай…
“Я не маю нічога супраць жанчыны-палітыка, — кажа Стужынская. —Паглядзіце, колькі жанчын абіраецца на мясцовых выбарах, дзе няма грошай, няма вялікіх паўнамоцтваў, — гаворыць Ніна Стужынская. — У вышэйшых эшалонах улады жанчын фактычна няма. Наша грамадства патрыярхальнае і негатыўна ставіцца да жанчын на самым версе ўлады. Мяркую, што дзеючы палітычны лідар не толькі жанчыну не бачыць у сваім фатэлі, а ўвогуле нікога апроч сябе. Сёння нішто не перашкаджае жанчыне займацца палітыкай, але ў нецывілізаваным грамадстве гэтая дзейнасць нясе пагрозу жыццю, здароўю. Канешне, жанчыны больш асцярожныя, бо ім ёсць чым ахвяраваць — сям’я, дзеці. І ўсё ж, думаю, фігура жанчыны была б запатрабаванай і папулярнай як альтэрнатыва агрэсіўнаму стылю Лукашэнкі. Хацелася б ужо спакойнага кіраўніцтва, прадказальнасці.
Спадарыня Стужынская нават абмалявала партрэт патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзідэнты, якая б магла займець прыхільнасць электарату: “Жанчына сталага ўзросту. Думаю, у нас не пройдзе варыянт Цімашэнкі — у адным флаконе мадэль і маці нацыі. Гэтая кандыдатка ў прэзідэнты не мусіць выклікаць з боку жанчын-выбарцаў рэўнасці. Яна — маці дарослых дзяцей, мае добры кар’ерны шлях, магчыма, наменклатурны. Асоба ў нечым падобная на фінскага прэзідэнта Тар’ю Халанен, я бачыла яе асабіста і адразу ж падумала: “Вось нам бы такую цётачку ў кіраўнікі!
Чаму б і не?
Патрыярхальнае кансерватыўнае грамадства нервова рэагуе на жанчыну, што ідзе поруч з мужчынам. І тым больш, калі яна пачынае падымацца на адну прыступку са сваім спадарожнікам. Жонку экс-кандыдата Аляксандра Мілінкевіча Іну Кулей абвінавачвалі ў тым, што яна кіруе ўчынкамі свайго мужа, смелую і адчайную Ірыну Халіп нават Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў у тым, што яна імкнулася на месца першай лэдзі і ўсяляк падбухторвала да гэтага свайго мужа Андрэя Саннікава.
Жанчыны, якія маюць досвед у беларускай палітыцы, не адмаўляюць таго факту, што мужчыны часта глядзяць на іх з адпаведнай заніжанай ацэнкай. Людміла Гразнова цяпер займаецца праваабарончай дзейнасцю, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13 склікання, намеснік старшыні Камісіі па бюджэце, падатках, банках і фінансах, у 1996 годзе была ў ліку тых, хто падпісаўся пад зваротам групы дэпутатаў у Канстытуцыйны суд з патрабаваннем адхілення прэзідэнта Лукашэнкі ад улады.
“У беларускай палітыцы дзве крайнасці — з афіцыйнага боку ёсць адзін чалавек у акружэнні світы. Іншы бок — палітыка дысідэнцкая, апазіцыйная. На афіцыйным подыюме жанчыны ствараюць дэкаратыўны фон, і ўлада гэтым добра карыстаецца, бо глядзець увесь час на адзін твар стамляе. А прыгожыя жаночыя вочкі разбаўляюць цьмяны афіцыёз, — разважае Людміла Гразнова. — У апазіцыйнай палітыцы таксама мае месца тыповая хвароба нашага грамадства — патрыярхальнасць. Некаторыя палітыкі-мужчыны пераносяць сваё светабачанне і на прафесійную дзейнасць. Як у побытавым жыцці ўспрымаюць жанчыну ў ролі прыслугі, так і ў палітычнай дзейнасці, паводле іх меркавання, жанчына мусіць абслугоўваць.
Людміла Гразнова — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, ад 1995 года — сябра палітрады АГП, ад 2004 года — намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, ад 2003 года — старшыня «Праваабарончага альянсу», кандыдат эканамічных навук. Дасягненні на полі прафесійным і грамадскім сапраўды немалыя. “У свой час у мяне была бліскучая палітычная кар’ера, гэта быў узлёт на пачатку 1990-х гадоў. Я магла прамаўляць да людзей з трыбуны Вярхоўнага савета, але і пасля змагла выкарыстоўваць свае веды ў карысным рэчышчы. У любым разе я ніколі не кажу непрыемных слоў на адрас мужчын, што часам можна пачуць ад нашых феміністак. Нельга ўсё бачыць у чорна-белым свеце, бо мы не можам пераскочыць праз стан нашага грамадства, — рэзюмуе спадарыня Гразнова.
Яшчэ адна асоба, што цвёрда трымаецца на смутным палітычным небасхіле Беларусі, — Наста Палажанка. Намесніца старшыні арганізацыі “Малады Фронт у грамадска-палітычную дзейнасць прыйшла ў падлеткавым узросце. За гэты час і ў вязніцы пасядзела, і мудрасці жыццёвай набралася. Хаця крый Божа беларускіх палітыкаў абодвух палоў ад такога досведу.
Наста не адмаўляецца ад прызначэння жанчыны глядзець сям’ю, але мяркуе, што як стае таленту і магчымасцяў, то і на палітычныя вяршыні можна замахнуцца.
“У нас не толькі жанчын не хапае для гэтага служэння, для прэзідэнцтва. У нас наогул не развітая палітычная культура, каб была магчымасць марыць пра такую кар’еру, каб было разуменне, што пасада прэзідэнта — гэта не недасяжнасць, а абсалютна рэальная мэта, на якую варта працаваць, калі ты здольны нешта рабіць у гэтым кірунку, бачыш у сабе такі патэнцыял, — перакананая Наста.
Дзяўчыне ўсяго 21 год, яна не адмаўляе таго, што “сям’я і дзеці — гэта першае пакліканне жанчыны. Але пры гэтым ніхто не забараняе жанчыне імкнуцца да лідарскіх пазіцый, і пасля таго, як яна ўладкавала сям’ю, паспраба­ваць уладкаваць дзяржаву.
“Я б задавальненнем прагаласавала б за кандыдата-жанчыну, — кажа Палажанка. — І нават мяркую, што гэта неабходна Беларусі, бо абывацеля ў нас вельмі складана нечым зацікавіць. Перакананая, што моцная жаночая асоба выклікала б інтарэс, прымусіла б узняць вочы і, як мінімум, прачытаць біяграфію ды паслухаць колькі прамоў. Пачалася б дыскусія, ці можа ўвогуле жанчына займацца палітычнай дзейнасцю, але дзе ёсць дыскусія, там ёсць жыццё і магчымасць дакапацца да ісціны. Я б звярнула ўвагу на каштоўнасці, што нясе гэты чалавек, ці мае яна сям’ю, час і здольнасці ўладкаваць сваё жыццё. Безумоўна, мяне б цікавілі яе біяграфія і планы на будучыню. І для мужчыны, і для жанчыны былі б важныя таленавітасць, прынцыповасць, мужнасць у прыняцці рашэнняў.
Наста не адмаўляе, што і сама аднойчы паспрабуе балатавацца ў прэзідэнты: “Мяркую, варта адштурхоўвацца ад таго, што я буду мець на той час, ці буду насамрэч мець да гэтага здольнасць і моц. Калі на той момант я буду перакананая, што гэта маё, што я маю дастаткова багажу, каб падняцца на такі ўзровень, узяць на сябе адказнасць, то чаму б і не?

***

Адам Міцкевіч свой знакаміты верш “Смерць палкоўніка прысвяціў удзельніцы паўстання 1830–1831 гадоў Эміліі Плятэр. Яна сабрала атрад у 400 чалавек, які дзейнічаў на тэрыторыі Віцебшчыны. Загінула ў 25 гадоў. Паплечнік Эміліі знакаміты Ігнат Дамейка пасля стаў нацыянальным героем Чылі.


* * *
У гісторыі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху пачатку ХХ стагоддзя цяжка знайсці больш яркую жаночую асобу, чым Палута Бадунова. Яна — адзіная жанчына, чыё імя фігуруе ў спісах амаль усіх нацыянальна-палітычных арганізацый ад 1917 года. Галоўнай марай яе жыцця было ўбачыць Беларусь суверэннай і незалежнай. Палута Бадунова ўваходзіла ў склад урада Беларускай Народнай Рэспублікі, у кіраўніцтва найстарэйшай беларускай палітычнай партыі — Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). З-за цяжкай хваробы ўжо ў сярэдзіне 1920-х гадоў Бадунова адышла ад палітычнай дзейнасці, была зламана фізічна, жыла на ўтрыманні сястры. Нягледзячы на гэта ў 1937 годзе яе арыштавалі, і з засценкаў НКУС яна ўжо не выйшла: у 1938 годзе Палуту Бадунову расстралялі.