Жлобін: Тры гады калоніі за камень у бок міліцэйскага аўто

Палітзняволенага Аляксандра Кісялёва абвінавацілі ў тым, што ён шпурнуў не менш за адзін камень у міліцэйскі спецтранспарт.

kisialeu_01.jpg

У судзе Жлобінскага раёна вынесены прысуд па крымінальнай справе палітзняволенага Аляксандра Кісялёва, якога абвінавачвалі па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і арт. 364 («Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).

Суддзя Яўген Ерафееў 25 лютага пастанавіў прызнаць Кісялёва вінаватым і пакараў 3 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак у Жлобіне пасля выбараў 9-11 жніўня. Таксама па другім артыкуле яго абвінавацілі ў тым, што ён шпурнуў не менш за адзін камень ў міліцэйскі спецтранспарт («Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка МУС»).

Менавіта такі тэрмін прасіў пракурор Сцяпашкін на папярэднім судовым пасяджэнні.

Аляксандр Кісялёў — жыхар Жлобіна, які быў затрыманы і адміністрацыйна асуджаны за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту вечарам 9 і 11 жніўня. Пасля арышту на волю не выйшаў. Да суду быў змешчаны ў СІЗА №3 Гомеля.

Аляксандр Кісялёў падчас судовых пасяджэнняў адзначаў, што ён асабіста «некідаў у аўтамабіль ДАІ камянёў і нікога не заклікаў гэтага рабіць». «Я выйшаў таму, што супраць незаконных і жорсткіх затрыманняў», — сказаў ён. Кісялеў сцвярджаў на судзе, што ён рэальна сысці не мог, бо ззаду быў натоўп, а спераду стаялі сілавікі са шчытамі і дубінкамі: «Мне не было магчымасці выйсці. Але я хацеў і спадзяваўся, што міліцыянты складуць шчыты і пяройдуць на бок людзей».

Адвакат Аляксандра Кісялёва заявіў пра намер абскардзіць цяжкі прысуд.

spring96.org