Дашкевіч заўсёды нагадвае суддзям, што адказваць ім давядзецца і перад людзмі, і перад Богам

На кожным судзе Зміцер звяртаецца да суддзі, без надзеі на пачутасць, — Наста Дашкевіч распавяла пра суд над зняволеным мужам.

Фота з фэйсбуку Зміцера Дашкевіча

Фота з фэйсбуку Зміцера Дашкевіча

Учора стала вядома, што затрыманаму актывісту Змітру Дашкевічу прысудзілі 15 сутак па адміністрацыйнай справе. Цяпер на сваёй старонцы ў фэйсбуку Наста распавяла пра суд над Змітром Дашкевічам.

«Бачыла на экране Змітра. Годнага і прыгожага. Вельмі спакойнага. Яго абвінавацілі ў тым, што ён адмаўляўся адкрыць дзверы кватэры. Што, канешне, не з'яўляецца праўдай, паколькі сустрэўся Зміцер з мужчынамі ў балаклавах на лесвічнай пляцоўцы, калі выйшаў з кватэры ўслед за дзецьмі, каб весці іх на заняткі.

Зміцер сказаў, што бачыў аднаго хлопца на Акрэсціна, які не адкрыў дзверы, дык у таго твар зараз сіні, а ў яго жонка на 6-м месяцы і маленькія дзеці, не мог падвяргаць іх такой небяспецы.

На кожным судзе Зміцер звяртаецца да суддзі, без надзеі на пачутасць, а абавязкам засведчыць, што пасада ейная — Божая і адказнасць вялікая, і адказваць трэба будзе не толькі перад людзьмі, але і перад Богам. Нагадаў, што, выносячы несправядлівы прысуд, яны не проста падвяргаюць чалавека арышту, але адпраўляюць на катаванні: 10 чалавек у 2-мясцовай камеры, без матрасаў і сродкаў гігіены, як мужчыны, так і жанчыны. І ён кожны раз нагадвае пра гэта і хоча, каб яны чулі.

Нягледзячы на супярэчлівыя паказанні сведак, шчымлівую прамову Змітра, ушчэнт разбітае абвінавачванне адвакатам, вырак быў прадказальным для ўсіх.

Але Зміцер быў такі прыгожы і такі спакойны. І толькі аднойчы ён цяжка ўздыхнуў, калі замест пытанняў да мяне як сведкі прамовіў, што ён моцна мяне кахае, справіцца з усім, і адное яго хваляванне — за мяне.

Пастараюся яго не падвесці. Няхай Госпад найдалей так моцна трымае яго ў Сваіх руках».