Зміцеру Паліенку пагражае калонія

ПЦ «Вясна» стала вядома, што на 7 красавіка ў судзе Заводскага раёна Мінска прызначана пасяджэнне па разглядзе пытання аб адмене адтэрміноўкі пакарання Зміцеру Паліенку. Сацыяльнаму актывісту пагражаюць два гады зняволення.

Зміцер Паліенка

Зміцер Паліенка

На дадзены момант у дачыненні да Зміцера Паліенкі дзейнічае прысуд аб пазбаўленні волі на 2 гады з адтэрміноўкай, вынесены 12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна Мінска ў выніку прызнання актывіста вінаватым па артыкуле 364 «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і частцы 2 артыкула 343 «Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару».

Крымінальную справу, узбуджаную супраць Паліенкі ў сувязі з інцыдэнтам паміж ім і супрацоўнікамі ДАІ падчас велапрабегу “Крытычная маса” 29 красавіка 2016 года ў Мінску, Праваабарончы цэнтр “Вясна” разглядаў як пераслед за ажыццяўленне актывістам гарантаванага яму канстытуцыйнага права на свабоду мірных сходаў, адзначаючы непрапарцыйнасць ужывання гвалту супрацоўнікамі міліцыі пры спыненні акцыі і затрыманнях яе ўдзельнікаў, а таксама ў перыяд следства заяўляў пра непрапарцыйнасць такой меры стрымання як ўзяцце пад варту, у выніку чаго актывіст у чаканні судовага працэсу правёў за кратамі пяць месяцаў.

Пасля вынясення прысуду, у бягучым годзе Зміцер Паліенка неаднаразова прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці ў сувязі са сваёй грамадскай актыўнасцю.

10 сакавіка быў асуджаны судом Маскоўскага раёна Мінска да сямі сутак арышту за “дробнае хуліганства” (артыкул 17.1 КаАП) у выніку затрымання ў Доме правасуддзя, дзе выказаў абурэнне прысудам па так званай "справе антыфашыстаў".

20 сакавіка, пасля затрымання ў ЦІП на Акрэсціна, куды прыйшоў зрабіць перадачу арыштантам, быў асуджаны судом Заводскага раёна Мінска да 15 сутак арышту за мірную акцыю пратэсту супраць будаўніцтва офіснага цэнтра ў Курапатах (ч.3 23.34 КаАП). У дзень заканчэння тэрміну арышту, які Паліенка адбываў у жодзінскім ізалятары, ён на свабоду не выйшаў: як паведамілі яго былыя сукамернікі, актывісту “дадалі” яшчэ 10 сутак арышту, за што — не вядома.

Праваабаронцы мяркуюць, што падставай для перагляду судом пытання аб адтэрміноўцы крымінальнага пакарання магло стаць неаднаразовае прыцягненне актывіста да адміністратыўнай адказнасці. Такім чынам, над Зміцерам Паліенкам навісла рэальная пагроза пазбаўлення волі.

spring96.org