Журналіста Алеся Сіліча затрымалі і завезлі ў пастарунак у Стоўбцах

У Стаўбцоўскім раёне міліцыянты затрымалі журналіста Алеся Сіліча, які супрацоўнічае з незалежным тэлеканалам «Белсат».



3a49ed81_8fd7_4a87_9cab_c0b69e0ba5b7_w640_r1_s.jpg

Алесь Сіліч;

Алесь Сіліч рабіў рэпартаж пра загадкавы падзеж свіней на Стаўбцоўшчыне. Людзям пра гэта нічога не тлумачылі, а міліцыя некалькі разоў усталёўвала пасты на ўездах і выездах з вёсак і правярала машыны на наяўнасць мяса. З’яўляліся неафіцыйныя версіі, што свінні маглі дохнуць ад чумы, завезенай з Расеі, сапсаванага камбікорму або гэта вынік запланаванай акцыі, каб кантраляваць цэны на мяса.


Выконваць сваю працу журналісту не дазволіла міліцыя. Карэспандэнта "Белсату" пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль і павезлі ў раённае аддзяленне міліцыі ў Стоўбцах. Пакуль невядома, ці журналіста выпусцяць, ці затрымаюць надаўжэй. Праваабаронцы і Беларуская асацыяцыя журналістаў маюць намер як мага хутчэй звярнуцца да ўладаў у справе вызвалення журналіста.


Некалькі дзён таму Алесь Сіліч атрымаў афіцыйнае папярэджанне з пракуратуры за сталую супрацу з тэлеканалам, які не мае афіцыйнай акрэдытацыі ў Беларусі. Падставаю сталася рыхтаванне сёлета ў красавіку сюжэту пра кітайскі тэхнапарк у Смалявіцкім раёне, супраць будаўніцтва якога пратэстуюць мясцовыя жыхары.


Зусім нядаўна, падчас візіту ў Беларусь назіральніцы з АБСЕ ў пытаннях свабоды медыяў Дуні Міятавіч, улады краіны паабяцалі, што больш не будуць затрымліваць журналістаў падчас выконвання імі сваіх абавязкаў.


belsat.eu