Журналісту Яўгену Меркісу — штраф 30 «базавых»

За асвятленне акцыі недармаедаў у Рагачове суд Савецкага раёна Гомеля 23 сакавіка прысудзіў журналісту-фрылансеру Яўгену Меркісу штраф у памеры 30 базавых велічынь. 

Фота з фэйсбука Яўгена Меркіса

Фота з фэйсбука Яўгена Меркіса


Сваёй віны Яўген не прызнаў, бо як ён напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, "збіраў інфармацыю ад людзей у нядолі і выконваў свае прафесійныя абавязкі сумленна і шчыра".
Таксама журналіст падзякаваў усім, хто "прыйшоў (ці застаўся, бо сёння судзілі не толькі мяне аднаго за акцыі) падтрымаць. У салідарнасці — моц і я цешуся, што ўсіх ахвотных ледзь змясціла зала".
Наш калега адзначае, што прысуд быў вынесены, негледзячы на заўвагі адвакаткі з нагоды недакладнасці звестак у пратаколе і парушэннях у доказнай базе.
"Улады ў Беларусі ж, на маю думку, мусяць выходзіць на сапраўдны дыялог з тымі, хто выходзіць на цэнтральныя плошчы нашых гарадоў. Арышты, затрыманні і прысуды толькі пагаршаюць сітуацыю і прыцягваюць увагу да таго стану, у якім апынуўся наш родны край. Хочацца верыць, што сонца заззяе ў нашае ваконца ўжо хутка!"