«Зыба» будзе гуляць да раніцы
Барам на "тусовачнай" вуліцы Зыбіцкай у Мінску дазволілі працаваць да 4-й гадзіны раніцы

"Прыстойная" частка вуліцы Зыбіцкай. Фота: TUT.by
Пра гэта паведамляе ў сваім блогу рэстаратар Іван Мураўёў:
Гэтай раніцай на Зыбіцкую ізноў прыйшла міліцыя... Узначальваў камісію начальнік РУУС Цэнтральнага раёна Артур Шахлай. Уладальнік адной з "пітных установаў", размешчаных у "барным доміку" на Зыбіцкай, 6, так апісвае сітуацыю:
"Артур Уладзіміравіч быў у добрым настроі і спытаў: "А чаму некаторыя ўстановы тут працуюць да 23:00, іншыя да гадзіны ночы, а некаторыя да 4-й раніцы? Не добра! І пагадзіўся падпісаць установам рэжым працы да 4:00".
Для гэтага неабходна прыехаць у РУУС Цэнтральнага раёна і напісаць заяву. Было абяцана, што графік ўзгодняць усім! Гуляем цяпер да раніцы! Будзьма!"
У чэрвені вуліца Зыбіцкая ў Мінску стала аб'ектам пільнай увагі гарадскіх уладаў. Туды прыйшло некалькі праверак, па выніках якіх тром барам забаранілі працаваць пазней за 23-ю.