Маёр Нацгвардыі ЗША загінуў у Мінску пры загадкавых абставінах

Трагічны інцыдэнт адбыўся ў сярэдзіне чэрвеня, аднак вядома аб ім стала толькі зараз. Бацька загінулага сцвярджае, што цела ягонага сына было скінутае з даху ці балкону мінскага гатэлю пасля спрэчкі з ахоўнікамі казіно. 

0c217f25_e3ee_4134_9732_a0d758515ead.file

Дэталі здарэння распаўсюдзіў амерыканскі тэлеканал. Паводле непацверджаных дадзеных, мова ідзе пра гасцініцу «Юбілейная».

Як паведамляецца, маёр Нацыянальнай гвардыі ЗША Кайл Тэфел наведваў Беларусь разам са сваімі цёткамі.

У сярэдзіне чэрвеня 36-гадовы афіцэр прыехаў у Мінск. Яго цёткі ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па паўэрліфтынгу, і Кайл Тэфел прыехаў, каб падтрымаць іх.

16 чэрвеня ў яго здарыўся канфлікт з аховай казіно ў гасцініцы "Юбілейная", дзе жылі амерыканцы. Супрацоўнікам Службы бяспекі нібыта давялося праводзіць замежніка да яго нумара на 10-м паверсе.

Праз некаторы час цела афіцэра было знойдзена на вуліцы. Бацька загінулага сцвярджае, што яго скінулі з даху. Іншая версія — амерыканец выпаў з балкона.

Цела Тэфэла даставілі ў Злучаныя Штаты на мінулым тыдні.

Інфармацыя аб трагедыі з'явілася ў беларускіх СМІ 6 ліпеня са спасылкай на амерыканскія масмедыя.

Прадстаўнікі Следчага Камітэту ды Міністэрства ўнутраных спраў інфармацыю пра гібель амерыканца пакуль ніяк не пракаментавалі.

Паводле belapan.by, www.radyjo.net