Жыхары абаранілі двор ад будаўніцтва карпусоў Акадэміі МУС

Архітэктурна-горадабудаўнічы савет пры галоўным архітэктары Мінска не зацвердзіў праект ўзвядзення новых будынкаў міліцэйскай ВНУ ў сталічным квартале па праспекце Машэрава — вуліцы Чырвонай — праспекце Незалежнасці. Праект адправілі на дапрацоўку, паведамляе «Салідарнасць».

mvd07_1.jpg

Адпаведнае рашэнне выкладзена ў пратаколе пасяджэння савета № 14-6-1/03-1-10.

Нагадаем, канфлікт інтарэсаў мінчан і прадстаўнікоў Акадэміі МУС, якія хочуць палепшыць умовы вучобы і побыту курсантаў, пачаўся яшчэ больш за 10 гадоў таму. У гэтым годзе пытанне пра ўзвядзенне новых будынкаў навучальнага корпуса і інтэрнатаў паўстала зноў. На прэзентацыі праекта, якая прайшла ў красавіку, жыхары квартала выступілі катэгарычна супраць будаўніцтва, указалі на нестыкоўкі ў прэзентацыі і рэальным становішчы рэчаў, а таксама на тое, што людзі пазбавяцца як паркоўкі, так і дзіцячай пляцоўкі, і адзінай у квартале зялёнай зоны.

За час, адведзены на грамадскае абмеркаванне праекта забудовы, неабыякавыя мінчане накіравалі ў адміністрацыю Савецкага раёна сталіцы 9 зваротаў з крытыкай праекта, у тым ліку калектыўны ліст з 242 подпісамі.

У выніку савет пры галоўным архітэктары Мінска пастанавіў, што прэзентацыю праекта неабходна дапрацаваць з улікам новых заўваг і прапаноў. Акрамя таго, заказчыку праекта — Акадэміі МУС — і распрацоўшчыку — «студыі Сакалоўскіх» —прапанавана «разгледзець магчымасць размяшчэння прыбудаваных карпусоў замест тых, што стаяць асобна».

Дапрацаваную канцэпцыю неабходна будзе «прадставіць на ўзгадненне ў Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама».