Жыхары Браслава прапанавалі ўвесці ў рэгіёне «бязвіз» для замежнікаў

Браслаўчане прапануюць зрабіць бязвізавы рэжым для турыстаў з Еўразсаюза, якія едуць адпачыць на Браслаўскія азёры.

a379619c6349bc22f8defbba9fae7ea3.jpg


Гэта мусіць падвысіць прыток валюты ў рэгіён і стаць моцным стымулам для развіцця турызму, гаворыцца ў электронным звароце, апублікаваным на пляцоўцы “Зручны горад”, паведамляе vitebskspring.org.
“Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры” — бадай што самы прыгожы куток нашай краіны. Аднак турыстычны патэнцыял яго выкарыстоўваецца вельмі слаба”, — пішуць аўтары петыцыі.
Яны кажуць пра адсутнасць у Браславе пунктаў грамадскага харчавання і забаўляльных устаноў, немагчымасці ў выходныя дні памяняць валюту. У горадзе працуе ўсяго адна буйная прадуктовая крама.
“Пра неэфектыўнасць дзейных праграм і нездавальняючы стан развіцця турызму ў рэгіёне сведчыць і статыстыка Белстату: у Браслаўскім раёне — адзін з самых нізкіх паказнікаў заробку ў краіне”, — гаворыцца ў петыцыі.
Браслаўчане просяць зладзіць публічны конкурс на стварэнне плану развіцця турыстычнага патэнцыялу Нацпарку.

Што прапануюць жыхары Браслава

Распрацаваць праграму сезоннай дыверсіфікацыі турызму, бо ў халодныя поры году турысты ў Браслаў не едуць.
Пабудаваць у горадзе аквапарк, сучасныя спартовыя і дзіцячыя пляцоўкі, гандлёвыя цэнтры.
Стварыць ільготную падатковую праграму для малога і сярэдняга бізнесу, накіраванага на развіццё турызму ў рэгіёне — для прыцягнення прыватнага капіталу.
Увесці бязвізавы рэжым для турыстаў, якія едуць адпачыць на Браслаўскіх азёрах, накшталт таго, які зараз дзейнічае ў Белавежскай пушчы. Гэта мусіць прывабіць у рэгіён жыхароў Еўрасаюза.
Працягнуць да Браслава чыгуначны пуць і пусціць па ім хуткасны цягнік, каб за некалькі гадзін можна было дабрацца ў Браслаў з Мінску. Гэта паспрыяе развіццю турызма.
Петыцыя будзе накіраваная ў Міністэрства спорту і турызма, а таксама – у Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь. За першы тыдзень 2019 году пад ёй пакінулі свае подпісы каля 50 чалавек.

Беларуская Ніца

 Паводле інфармацыі "Віцебскай вясны", на пачатку году пытанні развіцця Браслаўскага раёну разглядаліся на паседжанні ў Віцебскім аблсавеце. Гаворка вялася пра падрыхтоўку да фэсту Viva Braslav, мадэрнізацыю набярэжнай і лесапаркавай зоны “Леснічоўка” ў раённым цэнтры. Старшыня Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў Уладзімер Цярэнцьеў казаў пра тое, што Браслаў мае стаць “беларускай Ніцай”.
Петыцыю можна падпісаць цягам месяца.