Айцец Андрэй Крот: кожны даследчык прыпісвае Скарыну сваёй канфесіі

У Віцебску сёння адбываецца Міжнародная навукова-практычнай канферэнцыя «Францішак Скарына і яго духоўная спадчына ўчора і сёння».

3703b814_c6f1_41a8_8eea_172bb1081a9f_w1023_r1_s.jpg

Канферэнцыю арганізавалі Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пятра Машэрава, Віцебская дыяцэзія рымска-каталіцкай царквы і Біблійнае таварыства Беларусі.

“Радыё Свабода паразмаўляла з адным з удзельнікаў канферэнцыі, пробашчам грэка-каталіцкай парафіі ў Горадні, магістрам тэалогіі айцом Андрэем Кратом.

Абламейка: Айцец Андрэй, у праграме канферэнцыі звяртае на сябе ўвагу той факт, што побач з дзяржаўнымі органамі і ўстановамі сярод арганізатараў значыцца Віцебская дыяцэзія рымска-каталіцкай царквы. Чаму няма іншых цэркваў?

Крот: Бо гэта мясцовая віцебская ініцыятыва, да якой спрычыніліся біскуп Віцебскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі Алег Буткевіч і віцебскі грэка-каталіцкі святар айцец Зміцер Грышан. Ну і таксама прадстаўнікі віцебскіх навуковых колаў, найперш Віцебскі ўніверсітэт.

Абламейка: Мы з вамі гутарым удзень, калі канферэнцыя яшчэ ідзе. Але частка дакладаў ужо прагучала. Звяртае на сябе ўвагу даклад кандыдата гістарычных навук, дацэнта Сяргея Верамеева з Гомеля, прысвечаны канфесійнай прыналежнасці Францішка Скарыны ў беларускай гістарыяграфіі ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў. Што цікавага было ў ягоным дакладзе?

Крот: Асабіста мяне ўразіла ў ягоным дакладзе вось што. Гісторык заўважыў, што канфесійная прыналежнасць Скарыны ў даследаваннях залежала ад канфесійнай прыналежнасці іх аўтараў. Гэта значыць, што кожны з даследчыкаў бачыў Скарыну прадстаўніком сваёй канфесіі. Праваслаўныя пісалі, што Скарына — праваслаўны, каталікі — што ён каталік, грэка-каталікі — што Скарына ўніят, пратэстанты, адпаведна, пісалі, што Скарына быў пратэстантам. У гэтым я бачу шматбаковасць і багацце самой асобы Францішка Скарыны і ягонай дзейнасці, якая не была абмежаваная нейкімі жорсткімі рамкамі. Яго дзейнасць была для ўсіх — менавіта для «паспалітага люду».

Абламейка: Ваш даклад на канферэнцыі прысвечаны «Малой падарожнай кніжцы» Скарыны. Якія вашы асноўныя высновы?

Крот: Я звяртаю асаблівую ўвагу на акафісты і малітвы ў «Малой падарожнай кніжцы», бо яны найбольш адлюстроўваюць самога Скарыну. Іншыя часткі кнігі — гэта пераклады псалмоў, часаслова. А ў малітвах і акафістах можна знайсці больш асабістых думак, якія Скарына туды ўвёў, складаючы гэтыя тэкст. Таксама мне хацелася б падкрэсліць тое, што прагучала і ў дакладзе Сяргея Верамеева — а менавіта тое, што Скарына быў шматбаковым чалавекам. Ён ва ўсходнія акафісты ўводзіў думкі, характэрныя для Каталіцкай царквы. У малітвах Скарыны таксама прысутнічае яго асабісты духоўны вопыт, калі ён, напрыклад, узгадвае пра апосталаў, што яны былі найболей зьвязаныя з заходнімі краінамі. Апостал Марк — з Венецыяй, апостал Якуб — з Іспаніяй і іншымі заходнімі краінамі. Вось пра гэта ўсё і гаворыцца ў маім дакладзе.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі дэкан гістарычнага факультэту ВДзУ прафесар Веньямін Космач, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН, кандыдат філалагічных навук Алесь Жлутка, кандыдат багаслоўя, дацэнт Менскай духоўнай акадэміі протаіерэй Аляксей Васін, прафесар венецыянскага універсітэту Са’ Foscari Аляксандр Навумаў і іншыя.

 www.svaboda.org