Алег Трусаў: Беларуская мова — зброя ў супрацьстаянні Расійскай імперыі
Алег Трусаў і Алена Анісім сустрэліся ў Глыбокім з мясцовымі актывістамі. Яны адзначылі выдатную працу суполкі ТБМ у мястэчку Падсвілле на Глыбоччыне і падзякавалі прысутным за ўдзел у Кангрэсе за незалежнасць і падпісанне Маніфесту ў абарону незалежнасці Беларусі.
Як зазначыў старшыня грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алег Трусаў, калі беларусы захаваюць мову — яны ніколі не страцяць незалежнасць. Таму трэба прынцыпова размаўляць па-беларуску — гэта самая моцная зброя ў супрацьстаянні расейскай імперыі.
— Страцім мову — аўтаматычна станем ваколіцай Расійскай імперыі. І таму Расія робіць усё магчымае, каб мы гэтую мову страцілі, пачынаючы з раздзелу Рэчы Паспалітай. Расія траціць шалёныя грошы, каб тут запанаваў “русский мир”: і казакі ў нас з’яўляюцца, і папоў праваслаўных прысылаюць, чаго толькі не робяць. Таму што без Украіны і без Беларусі Расійская імперыя не існуе.
Падчас сустрэчы прысутныя абмяняліся падарункамі. Прадстаўнікі галоўнага офісу ТБМ падаравалі глыбачанам беларускамоўныя кнігі, календары і газеты, а глыбачане — магніты з выявамі горада і кнігі мясцовых краязнаўцаў.
Адбылася і прэзентацыя першай кнігі „Кароткая гісторыя Міёр” краязнаўцы з Мёраў Сяргея Васільева.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара