Уладзімір Някляеў: Расія прыняла да выканання дактрыну 1863 года

Беларусь на раздарожжы. Уладзімір Някляеў вызначыў жанр, паводле якога разгортваюцца падзеі ў краіне, а таксама бок, з якога сыходзіць найбольшая пагроза.



njakljae_.jpg

З пісьменнікам пагутарыў карэспандэнт "Беларускага Радыё Рацыя" Стас Дэдэрка.

РР: Як з боку літаратара выглядае сённяшняя сітуацыя, як можна ахарактарызаваць, якім жанрам — гэта фарс, трагіфарс, камедыя ці нейкая поўнае графаманства? Таму што ўжо няма ніякай інтрыгі ў гэтай выбарчай кампаніі, у адрозненні ад папярэдніх.

Уладзімер Някляеў: Нацыянальная драма, яна разыгрываецца па той прычыне, што Расія прыняла да выканання дактрыну 1863 года, калі пасля паўстання Каліноўскага Карнілаў, быў такі папячыцель Віленскай акругі, сказаў, што тое, што не дарабіў расійскі штык, даробіць расійскі чыноўнік, расійская школа і расійскі поп. Гэтая формула вельмі спадабалася генерал-губернатару Мураўёву, і ён яе паклаў у аснову палітыкі Расійскай імперыі ў адносінах да Паўночна-Заходняга краю. І калі мне будуць даводзіць, што сёння не праглядаецца гэтая палітыка ў дзеяннях Расіі ў дачыненні да Беларусі, то я скажу, што гэта драма, яшчэ і таму, што вы тут усе неяк як бы паслеплі. Не да таго, каб пісаць камедыю, хоць усе як раз у адзін голас: “Пракопавіч, у цябе з гумарам усё добра, ты давай, сядай і напішы што-небудзь такое, каб жываты надрываліся.”

РР: Ваш нядаўні артыкул “Цілі-цілі-цеста” — як памфлет.

Уладзімер Някляеў: Гэта так, з нагоды напісана, за адзін прысест. Відавочна, што Расія, абламаўшыся ва Украіне, не пойдзе шляхам “зялёных чалавечкаў”, яна вось абрала тое, што было за часамі Мураўёва і Каліноўскага. Гэта небяспека, якая не зусім добра бачная, як вайсковыя дзеянні і спецназ на Крымскай выспе. Такая, ведаеце, як радыяцыя. Я памятаю, прыехаў у Чарнобыльскую зону, разумеючы што там адбываецца, бо я маю тэхнічную адукацыю, а людзі ходзяць, сонца, птушкі пяюць. Смяюцца: “Чаго ты тут ходзіш, нервуешся?”. Вось нешта падобнае адбываецца сёння на ўсёй нашай чарнобыльска-беларускай тэрыторыі.

РР: А ключ ад зменаў ляжыць дзе: у Крамлі, ці тут — унутры нашай краіны?  

Уладзімер Някляеў: Як паказвае досвед, не толькі апошніх гадоў, але і пачынаючы з часоў Каліноўскага, ды яшчэ ранейшы досвед, з часоў Вялікага Княства Літоўскага, ніхто апроч нас саміх не спраўляўся з задачай выратавання беларускасці ў Беларусі. І сёння, на жаль, тое самае. Беларусь можа захавацца як суб’ект, незалежная дзяржава, толькі ў тым выпадку, цяпер ужо відавочна, калі зменіць сваю цывілізацыйную ідэнтычнасць. Гэта, калі не баяцца называць усе рэчы сваімі імёнамі, змена ўсходняй, праваслаўнай, скажам так, свядомасці, на заходне-хрысціянскую. Ніякіх іншых варыянтаў для таго, каб мы захаваліся — няма. Ва ўсякім выпадку тое, што адбылося ў раптоўнай змене стасункаў Расіі з Украінай, Расіі з Беларуссю — сапраўдная драма, сапраўднага трагедыя. Я быў выхаваны ў час, калі як раз з боку Расіі і толькі чулася: “Мы адна кроў, мы адзін дух!”. Тут раптам кроў палілася і дух разляцеўся, дык вось мне цяжка вельмі гэта ўсведамляць, складана гэта ўсведамляць і балюча гэта ўсведамляць, бо шмат вельмі чаго ў мяне звязана з Расіяй, але я мушу, перш за ўсё як палітык, бачыць аб’ектыўнасць такой, якая яна ёсць.

РР: А ці можа дайсці тады ўвогуле да перайменавання нашай краіны, таму што відавочна, што Беларусія, Маларосія, Наваросія — гэта ўсё як бы аднакаранёвыя з’явы?

Уладзімер Някляеў: Дык а што тут пераймяноўваць, калі яно і так называецца „Беларусія”. І самае, выбачайце за слова, паскуднае, што гэта сядзіць у свядомасці нават тых людзей, на якіх ускладаліся мае надзеі. Таго, што ўвесь час называлася расійскай інтэлігенцыяй, расійскай творчай інтэлігенцыяй. Між іншым я ўпершыню адчуў сумнеў у тым, што ў глыбінях свядомасці гэтай самай інтэлігенцыі можна нешта знайсці ў дапамогу, калі мы з Быкавым, гэта было на перападзе 90-х і 2000-х гадоў, мы паехалі шукаць падтрымкі гэтай самай незалежнасці. Сядзелі ў Доме літаратара ў Маскве і прапаноўвалі, прасілі нашых калегаў, літаратараў-расійцаў падпісацца ў абарону беларускай мовы, беларускай культуры. Ён працаваў з празаікамі, я з паэтамі, і ён, і я атрымалі па адным подпісе пад нашымі зваротамі.

РР: Гэта быў добры тэст.

Уладзімер Някляеў: Гэты быў тэст, які шакаваў нас абодвух. Удакладнім, што свае подпісы ў падтрымку беларускае культуры тады паставілі толькі паэт Яўген Еўтушэнка і празаік Віктар Астафьеў.

Гутарыў Стас Дэдэрка,Беларускае Радыё Рацыя